Вы тут

Для паставак у Расію санкцыённых грузаў у Беларусі выкарыстоўвалі казіно

mvd.gov.by

Беларуская міліцыя аб'явіла пра спыненне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці арганізаванай групы, якая са снежня 2016-га да красавіка 2018 года пастаўляла ў Расію санкцыённую прадукцыю. У яе склад уваходзіла больш за дзясятак жыхароў Мінска, Оршы, а таксама грамадзян Расійскай Федэрацыі. Яны перапраўлялі ў Расію садавіну і гародніну, якую афіцыйна пастаўлялі з Турцыі і краін ЕС на адрас падкантрольных лжэпрадпрымальніцкіх структур. Тавар павінны былі прадаваць у нашай краіне, а на самой справе вывозілі праз усходнюю мяжу, інфармуе прэс-служба МУС Беларусі.

Важным звяном у гэтай схеме было казіно ў Дубровенскім раёне каля беларуска-расійскай мяжы. На пляцоўцы каля яго і спыняліся фуры з грузам, якія пасля адпраўлялі ў Расію па падробленых дакументах. Уладальнікамі казіно былі ўдзельнікі згаданай арганізаванай групы.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле "незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць у складзе арганізаванай групы" (ч. 3 арт. 233 КК). Агулам было арыштавана аўтатранспарту, нерухомасці, грашовых сродкаў і каштоўнасцяў на суму больш за 2 млн рублёў. Былі арыштаваныя і банкаўскія рахункі фірмаў, якія выкарыстоўваліся ў нелегальным бізнесе. За кратамі застаюцца трое чалавек.