Для анэстэзіёлага "Экамедсэрвіса" пракурор папрасіў 5 гадоў зняволення

Нагадаем, што разгляд крымінальнай справы па факце смерці 25-гадовай Юліі Кубаравай пачаўся 9 студзеня. Дзяўчына памерла вясной 2013 года пасля правядзення пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў сталічным камерцыйным медцэнтры "Экамедсэрвіс".

Дзяржабвінаваўца папрасіў суд прызначыць былому анэстэзіёлагу "Экамедсэрвіса" Аляксандру Шураву, які ўдзельнічаў у аперацыі над Юліяй Кубаравай, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў. Таксама ён папрасіў прызначыць былому галоўнаму інжынеру "Экамедсэрвіса" Уладзіміру Ліхуце 4 гады зняволення. З адбыццём пакарання для абодвух у калоніі-пасяленні. Пракурор папрасіў узяць пад варту Шурава і Ліхуту ў зале суда.





Былой гендырэктарцы "Экамедсэрвіса" Галіне Валжанкінай дзяржабвінаваўца папрасіў прызначыць 2 гады абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі. Ён падкрэсліў, што віна ўсіх трох даказаная. Прычынай смерці Кубаравай "стала кіслароднае галаданне мозгу, якое развілася пасля анэстэзіі". "Яе смерць выклікана недастатковасцю анэстэзічных мерапрыемстваў пасля правядзення аперацыі", — працягнуў пракурор. Паводле яго слоў, Аляксандр Шураў выкарыстоўваў тэхнічна няспраўную медапаратуру, не выканаў умоваў бяспекі і "не забяспечыў належнае назіранне ў постаперацыйным перыядзе". А гэта стала магчымым праз службовую халатнасць Валжанкінай і Ліхуты.

 

Таксама пракурор заявіў, што грамадзянскі пазоў да "Экамедсэрвіса", заяўлены бацькамі загінулай пацыенткі, можа складаць па 500 млн рублёў з кожнага, інфармуе "Интерфакс-Запад".