Дэпутат Еўрапарламента заклікаў увесці санкцыі супраць Лукашэнкі

Роберт Бедронь / instagram.com/robertbiedron/
Роберт Бедронь / instagram.com/robertbiedron/

Дэпутат Еўрапарламента, кіраўнік камісіі па сувязях з Беларуссю Роберт Бедронь заклікаў увесці санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў 6 чэрвеня каля беларускай амбасады ў Варшаве на акцыі салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскі, Мікалаем Статкевічам і іншымі затрыманымі ў Беларусі.

"Калі рэжым Лукашэнкі хоча атрымліваць хоць нейкую фінансавую падтрымку, то павінен прытрымлівацца прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека! Інакш не атрымае ні граша! Але гэтыя санкцыі не павінны дакранацца грамадзян Беларусі. Яны не могуць ударыць па простых беларусах і беларускам. Грошы і падтрымка Еўрасаюза павінны накіроўвацца для грамадзянскай супольнасці Беларусі і звычайных грамадзян. Я вам гэта абяцаю. Я буду сачыць за тым, каб былі ўведзеныя рэальныя санкцыі супраць Лукашэнкі і была рэальная падтрымка грамадзян Беларусі", - заявіў Бедронь.

Роберт Бедронь таксама з'яўляецца кандыдатам у прэзідэнты Польшчы ад сацыял-дэмакратычнай партыі "Вясна".

У 2004 годзе ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў якасці рэакцыі на знікненне крытыкаў улады ў Мінску. У 2011 годзе прыняты дадатковыя абмежавальныя меры ў пасля сілавога разгону пратэсту ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў і крымінальнага пераследу палітычных апанентаў улады. У тым жа годзе было ўведзена эмбарга на пастаўкі зброі.

У лютым 2016 года Еўрасаюз зняў санкцыі з 170 чыноўнікаў Беларусі, у тым ліку з прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, і трох беларускіх кампаній. Пры гэтым пад санкцыямі застаюцца былыя міністры ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў, экс-сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман і былы кіраўнік спецатрада хуткага рэагавання Дзмітрый Паўлічэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі