Вы тут

Дэмбель распавёў пра заробкі ў беларускай ІТ-роце

У беларускай ІТ-роце / З архіву БЕЛТА

Дэмбель распавёў habr.com пра сваю службу ў беларускай ІТ-роце. У прыватнасці пра заробкі. Падчас яго службы салдат атрымліваў 33 рублі за месяц (12 долараў), камандзір аддзялення — 46 рублёў (21 долар). "Грошы, вядома, невялікія, яны не матывуюць на прадуктыўную працу", — кажа малады чалавек. Аднак за "стаханаўскую працу" вайскоўцы маглі атрымаць звальненні на трое сутак, ім маглі дадаць некалькі дзён да адпачынку. Таму не дзіўна, што айцішнікі часам рэалізоўвалі праект, на які адводзіўся год часу, за шэсць месяцаў.

Айцішнік служыў у 2019-2020 гадах. Паводле яго слоў, у IT-роце не было дзедаўшчыны. Тлумачыцца гэта проста: служаць у ёй рэальныя распрацоўшчыкі прызыўнога ўзросту. "Калі распрацоўшчык вернецца "на гражданку", ён можа распавесці HR, хто над ім здзекаваўся, — расказвае хлопец. — А HR ужо па сваёй сетцы знаёмых можа перадаць гэтую інфармацыю далей па іншых камерцыйных кампаніях. І ўсё, для чалавека нармальнае працаўладкаванне ў Беларусі стане праблематычным".

ІТ-рота пачала стварацца ў беларускім войску ў 2018 годзе. Яе камплектуюць вайскоўцамі тэрміновай вайсковай службы, якія "дамагліся найбольшых поспехаў у галіне інфармацыйных тэхналогій".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.