Вы тут

Даследаванне: беларусы падазраюць медыя ў хлусні і шукаюць навіны за мяжой

Сярод беларусаў папулярныя замежныя СМІ​ / Reuters

Baltic Internet Policy Initiative правяло анлайн-даследаванне "Медыяспажыванне і медыяадукаванасць у Беларусі ў жніўні 2021". Па ўсёй краіне было апытана 1208 чалавек ва ўзросце ад 18 да 74 гадоў.

 

Беларусы шукаюць навіны ў замежных СМІ

Рэспандэнты расказалі, што часцей за ўсё даведваюцца навіны на мясцовых сайтах і са СМІ (71%). На другім месцы сацыяльныя сеткі (54%), за імі сарафаннае радыё (35%). На чацвёртым месцы як крыніца навін тэлеграм і іншыя месенджары (34%). Толькі потым тэлебачанне (31%).

Больш за траціну апытаных даведваюцца навіны ў гутарках з сям'ёй і знаёмымі / Baltic Internet Policy Initiative

— Важна звярнуць увагу, што тэлеграм-каналы і месенджары займаюць чацвёрты радок. Гэта да таго, што чаканні, што людзі татальна атрымліваюць інфармацыю з тэлеграма і месенджараў, крыху пераацэненыя, — расказвае медыяэксперт і дырэктар Baltic Internet Policy Initiative Міхаіл Дарашэвіч.

Навінавыя сайты і інтэрнэт-СМІ праглядаюцца рэспандэнтамі кожны ці амаль кожны дзень. Беларускія навінавыя сайты саступаюць замежным. Замежныя сайты чытаюць 61% рэспандэнтаў. Расійскія і беларускія сайты аднолькава папулярныя. І тыя, і іншыя выбіраюць 47% апытаных.

— Можна меркаваць, што беларускія навінавыя сайты часцяком не задавальняюць патрэбы беларускай інтэрнэт-аўдыторыі.

Сярод сацыяльных сетак для атрымання навін найбольш папулярнай сталася "УКантакце" (63%). Потым інстаграм (53%), "Аднакласнікі" (33%), фэйсбук (28%) і тык-ток (18%).

— Калі гаварыць пра выкарыстанне як крыніцы інфармацыі тэлеграм-каналаў і месенджараў, тут практычна брэйкінг ньюс. Тэлеграм дагнаў вайбер, — расказвае Дарашэвіч. Абодва месенджары выбіраюць 66% апытаных.

З тых, хто глядзіць тэлевізар, 67% уключаюць яго каля трох разоў на тыдзень. Пры гэтым расійскія тэлеканалы аказаліся папулярнейшыя за беларускія.

Частата выкарыстання і папулярнасць тэлеканалаў / Baltic Internet Policy Initiative

90% інтэрнэт-карыстальнікаў адчуваюць, што медыя іх падманваюць 

Больш за ўсё рэспандэнты давяраюць навінавым сайтам і інтэрнэт-СМІ — 34%. Тэлеграм-каналам — 21%, а тэлебачанню толькі 13%.

— Траціне рэспандэнтаў ці то цяжка адказаць, ці то ў іх няма крыніц інфармацыі, якім яны давяраюць больш, чым астатнім. Гэта сур'ёзны выклік для медыя, якім давяраюць і якім важна, каб гэты давер рос. Асабліва ў той час, калі колькасць недакладнай інфармацыі расце імкліва. Фэйкі становяцца складанейшымі, іх цяжэй вызначаць, і для гэтага патрабуецца больш лічбавых навыкаў, — кажа Міхаіл Дарашэвіч.

Пры гэтым амаль у 90% апытаных узнікае адчуванне, што медыя і СМІ могуць падманваць або маніпуляваць меркаваннем людзей, скажаючы інфармацыю.

— І яны шукаюць інфармацыю перш за ўсё на замежных сайтах, потым на расійскіх сайтах. Вельмі сумна, што толькі потым ідзе інфармацыя на беларускіх сайтах. На мой погляд, гэта значыць, што мала інфармацыі на беларускіх сайтах для верыфікацыі той інфармацыі, якая ў людзей выклікае сумневы.

 

Маладыя беларусы сталі крытычнейшыя да сябе

Больш за палову беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам, лічаць, што змогуць адрозніць фэйк ад праўды. Пры гэтым 60% апытаных лічаць асноўнай крыніцай фэйкаў тэлебачанне.

— Недакладная інфармацыя і фэйкі становяцца ўсё складанейшымі. Таму гэтыя 51% — людзі, якім таксама неабходна расказваць, якія могуць быць новыя пагрозы па распаўсюджванні фэйкавай і недакладнай інфармацыі.

Яшчэ 33% заявілі, што не могуць адказаць, ці могуць вызначыць фэйкі. І 16% прызналіся, што не могуць.

— Гэта значыць, да гэтага яны сказалі, што адчуваюць, што можа быць недакладная інфармацыя і СМІ кажуць не зусім праўду. І яны адчуваюць, што яны не могуць або не разумеюць, як яе праверыць.

Не давяраюць сарафаннаму радыё толькі 16% апытаных / Baltic Internet Policy Initiative

Большая частка апытаных (78%) заявіла, што ўмее выкарыстоўваць пошукавыя анлайн-сэрвісы для атрымання інфармацыі. Затое лічаць, што могуць кантраляваць абароненасць персанальных звестак, толькі 48% рэспандэнтаў. Яшчэ 17% сказалі, што робяць гэта дрэнна або вельмі дрэнна.

17% не ведаюць, як абараніць свае звесткі / Baltic Internet Policy Initiative

Міхаіл Дарашэвіч адзначае, што ў параўнанні з аналагічным даследаваннем летась у людзей старэйшай узроставай групы палепшыліся базавыя лічбавыя навыкі.

— Цікавая рэч здарылася з аўдыторыяй ад 18 да 34 гадоў. Яны больш крытычна пачалі ставіцца да сваіх лічбавых навыкаў. Летась людзі часцей казалі, што ўсімі неабходнымі навыкамі валодаюць.

Шмат у чым гэта звязана з рознага роду крызісамі, і таму пакаленне, якое вырасла з інтэрнэтам і выкарыстоўвае яго, пачало разумець, што нейкую колькасць навыкаў ім неабходна палепшыць, — робіць выснову Міхаіл Дарашэвіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.