“Дарожны падатак” дазволяць аплачваць паэтапна і не за цэлы год

“Дарожны падатак” дазволяць аплачваць паэтапна і не за цэлы год

Паводле інфармацыі ДАІ, у беларусаў цяпер каля 3 мільёнаў легкавых аўто. І амаль траціна з іх выязджае на дарогі… без тэхагляду! Прычына простая ― аўтаўладальнікі не хочуць плаціць так званы "дарожны збор", без аплаты якога тэхагляд не пройдзеш, сцвярджае прэс-сакратар “Белтэхагляду” Таццяна Сцяпанава.

Глядзім: калі вага вашага аўтамабіля (а такіх у краіне большасць) не перавышае дзвюх тон, то сума “дарожнага збору” для вас будзе 138 рублёў. Дадайце сюды аплату за праходжанне тэхагляду і атрымаеце суму прыблізна ў 210 рублёў. Пагадзіцеся, сёння не кожны можа вось так лёгка ўзяць і заплаціць такую суму. Гэта больш за сярэднюю пенсію!

Збіраць “дарожны падатак” пачалі ў 2014 годзе. Неадэкватнасць сумы, якую неабходна заплаціць, абурыла нават дэпутатаў парламенту. Нарэшце іх пачулі.

“Ёсць прапанова “адвязацца” і ад тэхагляду, і ад усяго, і зрабіць гэта звычайным зборам, які кіроўца плаціць перад выездам на дарогу. Да прыкладу, калі нейкі ўмоўны аўтаўладальнік не ездзіў зімой і плануе з красавіка выязджаць на дарогу, то ён можа пайсці і аплаціць гэты збор на месяц, два, тры ці пяць і спакойна ехаць”, ― кажа старшыня камісіі па прамысловасці, паліва-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Рыбак.

Сума не залежыць ад таго, па якіх дарогах плануеце ездзіць, таму платных дарог для беларусаў не будзе. Але, як тады тэхнічна будзе выглядаць кантроль аплаты “дарожнага збору”?

“Варыянты тэхнічнай рэалізацыі яшчэ прапрацоўваюцца, ― прызнаецца дэпутат. ― Я думаю, што гэта будзе звычайная аплата. А далей ужо кантроль будзе альбо праз ДАІ, альбо праз фотафіксацыю, альбо праз тое і тое адначасова… Ну, вось як сёння: аплацілі аўтастрахоўку, і ніякіх адмысловых налепак на лабавое шкло не лепіце ― спыніў вас супрацоўнік ДАІ, праверыў”.

Можа, калі вырашылі ісці насустрач патрабаванням людзей, то і суму гэта збору зменшаць?

Андрэй Рыбак: “Сумы такія ж і застануцца. Гэтыя грошы ― гэта фактычна адзіная крыніца для дарожнага фонду. Сёння перад намі стаіць задача не знізіць расходы па рэспубліканскіх дарогах і адрамантаваць мясцовыя дарогі. Задача: зрабіць гэты збор больш гнуткім і павялічыць зборы”.

Калі ў бюджэце-2017 было запланавана сабраць 322 мільёна 750 тысяч рублёў “дарожнага падатку”, то ў праекце бюджэта-2018 — амаль на 3 мільёны менш.

У любым выпадку, тое, што можна будзе аплачваць “дарожны збор” памесячна, — ужо палёгка. Вось толькі чакаць, што змены адбудуцца хутка, не даводзіцца. Гэта толькі новыя падаткі хутка ўводзяцца.

“Цяпер ужо фактычна падрыхтаваныя прапановы для разгляду прэзідэнту. Калі ўсё будзе добра, то будзе падрыхтаваны указ, каб ініцыяваць гэты працэс. Далей неабходныя будуць пэўныя змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях унесці, у Працэсуальна-адміністрацыйны кодэкс. Гэта зойме пэўны час, каб прывесці заканадаўства ў адпаведнасць”, ― кажа суразмоўца Еўрарадыё.

Нагадаю, ідэю “дарожнага збору” некалькі гадоў таму спарадзілі самі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Іншая справа, што памер яго, паводле іх прапановы, не мусіў перавышаць дзвюх базавых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі