“Дарагія мае… Прагаласуйце!”: Гайдукевіч выступіў на БТ другі раз (відэа)

“Дарагія мае… Прагаласуйце!”: Гайдукевіч выступіў на БТ другі раз (відэа)

Свой другі выступ на тэлебачанні Сяргей Гайдукевіч пачаў з падзякаў за падтрымку, якую ён “адчувае падчас кампаніі, паездак у рэгіёны і сустрэчаў”. “Калі ласка, прыходзьце на пікеты”, — заклікаў кандыдат. І адразу пераключыўся на крытыку дзяржапарата. “Чыноўнікі не хочуць працаваць, не хочуць думаць пра вас!”, — канстатаваў Сяргей Гайдукевіч. І запэўніў, што так працягвацца не можа. Маўляў, такім чыноўнікам не месца ў органах улады і гэта трэба выправіць.

“Ваш голас будзе пачуты, 11 кастрычніка трэба прыйсці на выбары”, — агітуе Гайдукевіч не горш за Цэнтрвыбаркам. І адразу просіць: “Не слухайце апазіцыю! Яна апладзіравала, калі людзі забівалі адзін аднаго на Майдане!”. Згадаў кандыдат і пра “раскол на няправільную і правільную апазіцыю”. Увогуле падчас выступу Гайдукевіча апазіцыянерам дасталася куды больш, чым уладам. Хоць ніводнага прозвішча кандыдат так і не агучыў.

Гаварыў Гайдукевіч пра цяжкі лёс беларускіх жанчын, пенсіянераў, інвалідаў. Абяцаў, што “ваша жыццё будзе лепшым”. Называў Беларусь “усходнеславянскай Швейцарыяй”. “Захад — наш партнёр, Расія — саюзнік”, “Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай”, “апазіцыя просіць увесці санкцыі, ЛДПБ супарць санкцый”, “праблема з мігрантамі можа закрануць Беларусь”, “мы адкрытыя для барацьбы з сусветным злом”, — гэта кароткі змест знешнепалітычнай часткі прамовы.

Двойчы Сяргей Гайдукевіч згадваў пра Вялікае княства Літоўскае, адзін раз — пра Рэч Паспалітую. Заклікаў наладзіць добрыя стасункі з эмігрантамі і беларускай дыяспарай за мяжой.

Бліжэй да канца выступу Гайдукевіч расказаў пра дробныя праблемы, якія яго “папрасілі агучыць людзі”. Сярод іх аказаліся пралемы праходжання тамаграфіі ў паліклініках, няроўныя ўмовы ў садаводніцкіх таварыствах і праблемы падманутых дольшчыкаў.

“Дарагія мае… Прыходзьце на выбары і прагаласуйце!”, — хіба самы эмацыйны момант з выступу кандыдата. Скончылася ўсё воклічам “Жыве Беларусь!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі