Вы тут

"Дамы беларусаў не іх крэпасць": як КДБ праз роўтар "слухаў" кватэру ў Мінску

КДБ праслухоўваў мінчука з дапамогай роўтара А1 / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Калі восенню 2020 года былы супрацоўнік А1 Д. (імя і прозвішча ёсць у рэдакцыі) прынёс у рэдакцыю Еўрарадыё інфармацыю пра тое, што КДБ з дапамогай сотавага аператара можа праслухоўваць беларусаў у іх дамах, мы не вельмі здзівіліся. У той час у публічным полі шырока абмяркоўвалася, што беларускія сілавікі праслухоўваюць наогул усіх. Але адна рэч — чуткі або некалькі "злітых" прыватных размоў, і зусім іншая — канкрэтныя факты з імёнамі і прозвішчамі тых, хто арганізуе праслухоўванне.

"Я хачу, каб людзі ў Беларусі ведалі, што іх дом не іх крэпасць", — казаў Д. Еўрарадыё правяло расследаванне. Нам удалося знайсці пацвярджэнні расказу экс-супрацоўніка А1 і прасачыць канкрэтную гісторыю ад пачатку сачэння і да канца.

 

Нетрывіяльнае заданне

Д. пачынаў сваю кар'еру ў сферы сувязі з працы мантажнікам у кампаніі "Атлант Тэлекам". У 2016 годзе яна ўвайшла ў склад А1. Да 2018 года мужчына ўжо ўзначальваў у А1 аддзел падключэння кліентаў.

— Я ўваходзіў у топ-40 кампаніі, — расказвае Д. Сёння ён знаходзіцца за мяжой, а пра яго працу ў сувязі нагадвае запіс на Linkedin і запіс са згадваннем Д. у блогу "Атлант Тэлекама".

Скрыншот блога "Атлант Тэлекам" / Еўрарадыё

Увосень 2017 года адзін з кіраўнікоў Д. расказаў яму, што ў супрацоўнікаў КДБ узнікла "просьба". І цяпер Д. трэба будзе выканаць "нетрывіяльнае заданне".

Для пачатку трэба было перадаць адзін з роўтараў кампаніі супрацоўніку КДБ.

— Яны [супрацоўнікі КДБ. — Еўрарадыё] прыходзілі да майго кіраўніцтва і ў настойлівай форме прасілі аказаць ім некаторыя паслугі. І вы, напэўна, разумееце, што адмовіцца вельмі складана. — расказвае Д. — Я не глядзеў, што ўнутры маршрутызатара, які пабываў у іх руках. Наколькі я разумею, ён разбіраўся і ў яго закладалася прылада праслухоўвання і запісу.

Такі роўтар супрацоўнік А1 усталяваў у паказаную КДБ кватэру.

— Інтэрнэт працаваў, тэлебачанне працавала. Усе паслугі, якія прапануюцца кампаніяй, аказваліся ў поўным аб'ёме. Чалавеку здзяйсняўся званок з просьбай пусціць інжынера кампаніі ў кватэру для замены маршрутызатара. Нібыта яго прылада адпраўляла ў сетку перашкоды. На нейкі час ставіўся "тэставы" маршрутызатар. Пасля таго як ён адпрацоўваў, яго забіралі супрацоўнікі дзяржбяспекі, а чалавеку вярталі звычайны роўтар.

На ўсталяванне прылады Д. ездзіў асабіста з супрацоўнікам КДБ.
 

З топаў у ізгоі

Больш у выкананні падобных "просьбаў" удзельнічаць не хацелася, кажа Д. І той самы выезд застаўся адзіным. Затое стаўленне кіраўніцтва да супрацоўніка рэзка змянілася.

Офіс А1 у Мінску / Еўрарадыё

— Была не адна важная нарада, на якой я павінен быў прысутнічаць. Але мяне на гэтыя сходы не клікалі. Я даведваўся пра іх пасля правядзення.

У 2018 годзе Д. звольніўся з А1 і пераехаў у іншую краіну. На пытанне, ці звязаны яго пераезд з гісторыяй з праслухоўваннем, ён адказвае:

— Вы можаце супаставіць факты: я звольніўся 9 кастрычніка і 11 кастрычніка ўжо быў за мяжой.

Навошта трэба было праслухоўваць канкрэтна таго чалавека, якому Д. усталёўваў роўтар, ён дакладна сказаць не можа. Магчымасці задаваць шмат пытанняў тады не было.

— Калі я правільна памятаю, там павінна была адбывацца нейкая сустрэча міністраў. Сам ён [чалавек, у чыю кватэру ставілі прыладу. — Еўрарадыё] ўжо быў на пенсіі.

 

Каго і навошта праслухоўвалі

Д. перадаў Еўрарадыё звесткі чалавека, якога праслухоўвалі: імя і імя па бацьку, адрас, нумар асабовага рахунку, на які быў аформлены роўтар. Прозвішча гэтага чалавека экс-менеджар А1 успомніць не змог. Але па атрыманай інфармацыі Еўрарадыё змагло знайсці яго.

У 90-я чалавек, у кватэры якога ўсталявалі "мадыфікаваны" КДБ маршрутызатар, займаў кіраўнічыя пасады ў некалькіх кампаніях, зарэгістраваных у Іжэўску і ў Смаленску. Адна з іх — ЗАТ "Крама "НІВА" (Іжэўск). Крама працавала з 1998 да 2006 года. Другая — ТАА "Гандлёвае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь" (Іжэўск). Працавала з 2002 да 2011 года. Анатоль Пятровіч С. быў у ёй адным з заснавальнікаў. Яшчэ адна — ТАА "Раскампастаўкі" — дзейнічала з 2012 да 2014 года ў Смаленску. У ёй Анатоль С. таксама быў адным з заснавальнікаў.

Мы звязаліся з сынам Анатоля С. Яго таксама завуць Анатоль. Ён успомніў, што некалькі гадоў таму ў кватэры сапраўды мянялі роўтар.

Анатоль разабраў свой роўтар, але там ужо не было нічога незвычайнага / Еўрарадыё

— Пагаварыў з сябрамі. Некалькі чалавек нават успомнілі, што мне ставілі роўтар на замену на некалькі дзён. Запомнілі гэты момант, бо ўсе моцна здзівіліся: якія такія перашкоды ён можа даваць?

Да моманту нашай гутаркі Анатоля С.-старэйшага ўжо няма ў жывых. Але, калі мянялі роўтар, ён сапраўды жыў па адрасе, які паведаміў Д.

Сям'я Анатоля з Беларусі, але доўгі час жыла ў Іжэўску. Там у С.-старэйшага быў бізнес.

— Потым у Расіі адбыўся дэфолт [1998 год. — Еўрарадыё], бізнес разваліўся, і мы вярнуліся ў Беларусь. Я быў яшчэ дзіцем і не ведаў дэталяў. Але нейкай вялікай спадчыны я не атрымаў, — расказвае Анатоль С.-малодшы.

Будынак КДБ у Мінску / Еўрарадыё

Таксама ў распараджэнні Еўрарадыё апынуліся запісы размоў Д. з яго былым начальнікам Г. (імя і прозвішча ёсць у рэдакцыі; з 2018 года не працуе ў А1) і, як ён сцвярджае, з адным з супрацоўнікаў КДБ.

На запісах гаворка ідзе пра роўтар. Яго трэба прывезці ў цэнтральны офіс A1.

— Не хачу везці гэта ў машыне, — кажа Д.

— Я і ў офісе не хачу [захоўваць. — Еўрарадыё], — адказвае Г. Сустрэцца яны дамаўляюцца ў кабінеце нейкага "Антона Уладзіміравіча". Такія імя і імя па бацьку ў аднаго з цяперашніх топ-менеджараў А1.

Мы звязаліся з Г. і, пагаварыўшы з ім па пытанні, не звязаным з праслухоўваннем, адправілі запіс размовы на фанаскапічную экспертызу ў Расію. Там пацвердзілі, што голас таго, хто гаварыў з Д., сапраўды належыць яго былому начальніку.

Супрацоўнікі А1 абмяркоўваюць нетрывіяльнае заданне / Еўрарадыё
Заключэнне экспертызы / Еўрарадыё
Заключэнне экспертызы / Еўрарадыё

У офісе патрэбная прылада была перададзеная ў рукі супрацоўнікаў КДБ, сцвярджае Д. Потым у суправаджэнні аднаго з іх ён усталяваў роўтар у названай кватэры.
 

Што вядома пра "супрацоўнікаў КДБ"?

Д. назваў Еўрарадыё два тэлефонныя нумары. Паводле яго інфармацыі, яны належаць супрацоўнікам КДБ: "Алегу" і "Максіму". З адным з іх Д. абмяркоўваў, як даставіць прыладу да дома, у якім яе трэба ўсталяваць.

Супрацоўнікі КДБ і А1 едуць, каб паставіць "жучка"

Еўрарадыё папрасіла ініцыятыву "Кібер-Партызаны" "прабіць" нумары па базах звестак, якімі яны валодаюць. Неўзабаве прыйшоў адказ: абодва нумары зарэгістраваныя па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 17. Гэта адрас КДБ Рэспублікі Беларусь.

Датэлефанавацца да "Алега" ў нас не атрымалася. У тэлеграме на яго нумар мы знайшлі акаўнт, падпісаны як Алег. Ні нікнэйма, ні фатаграфіі там няма. Тое самае ў вайберы.

Калі прабіць нумар праз smart_searchbot 3.0 у тэлеграме, атрымаем наступную інфармацыю, якая ніяк не дапамагае ідэнтыфікаваць чалавека: "Тэлефон МТС, прозвішча, імя: К., адрас: Рэспубліка Беларусь".

Другі нумар у тэлеграме не знайшоўся. Затое ў вайберы ён падпісаны як Maksim і выглядае так:

Акаўнт "Максіма" ў вайберы / Еўрарадыё

smart_searchbot 3.0 дае нашмат больш інфармацыі па нумары "Максіма", чым па папярэднім:

Інфармацыя з бота па нумары тэлефона "Максіма" / Еўрарадыё

Спасылкі на "УКантакце" былі нерабочымі. Але затое Еўрарадыё ўдалося датэлефанавацца да "Максіма". Дыялог атрымаўся наступны.

Еўрарадыё: Добры дзень. Максім?

Максім: Так.

Еўрарадыё: Вы не ўсталёўваеце мадэмы разам з супрацоўнікамі А1?

Максім: Што?

Еўрарадыё: Вы ніколі не ўсталёўвалі мадэмы разам з супрацоўнікамі А1?

Максім: Якія мадэмы?

Еўрарадыё: Мадэмы хатнія.

Максім: Вы, напэўна, памыліліся нумарам.

Еўрарадыё: Значыць, вы не з КДБ і не праслухоўваеце людзей?

Максім: Не, вядома.

 

А1: "Калі ў вас ёсць інфармацыя пра правапарушэнні, паведаміце нам"

Офіс А1 на Інтэрнацыянальнай, 36, куды Д. і Г. дамовіліся прывезці роўтар / Еўрарадыё

Еўрарадыё пацікавілася ў А1, што там думаюць наконт гэтай гісторыі. Мы адправілі ў прэс-службу кампаніі наступныя пытанні:

1. Увосень 2017 года супрацоўнік А1 (тады Velcom) Д. (імя і прозвішча былі прыведзеныя ў запыце цалкам) удзельнічаў ва ўсталяванні роўтара, які змяшчаў прыладу для сачэння, у доме па адрасе вуліца Шаранговіча, 48. Па чыёй просьбе/распараджэнні праводзіліся работы?

2. Чым канкрэтна прылада, усталяваная ў доме па адрасе вуліца Шаранговіча, 48, адрознівалася ад аналагічных?

3. Каму ў офісе А1 на Інтэрнацыянальнай, 36 намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце А1 "Антон Уладзіміравіч" і Д. (імёны і прозвішчы былі прыведзеныя ў запыце цалкам) перадавалі роўтар, які потым быў усталяваны ў доме на Шаранговіча, 48?

4. Ці часта на адрас кампаніі А1 паступаюць просьбы ад беларускіх спецслужбаў усталяваць "мадыфікаваныя" роўтары ў кватэры людзей, якія не падазраюць, што іх такім чынам праслухоўваюць?

5. Ці часта кампанія А1 адмаўляе ў такіх просьбах? Ці ёсць у прынцыпе магчымасць адмовіцца?

6. Як бы вы маглі ахарактарызаваць "Антона Уладзіміравіча" і Д. (імёны і прозвішчы былі прыведзеныя ў запыце цалкам)?

Арка ў доме на Шаранговіча, 48, пра якую гавораць на запісе Д. і супрацоўнік КДБ / Еўрарадыё

Мы атрымалі наступны (даволі кароткі) адказ:

Адказ А1 на запыт Еўрарадыё / Еўрарадыё

З гэтага адказу мы зразумелі, па-першае, што Д. — сапраўды былы супрацоўнік А1. А па-другое, што інфармацыі, якая змяшчалася ў нашым запыце, для ўнутранага расследавання аказалася недастаткова. Для нас гэта дзіўна: бо запыт змяшчаў імёны, прозвішчы, адрас і прыблізны час, калі былі здзейснены "супрацьпраўныя дзеянні".
 

Як засцерагчы сябе

Спецыяліст па персанальнай бяспецы, які працаваў у адной з буйных беларускіх кампаній, кажа, што дапускае магчымасць такога выкарыстання роўтараў. Аднак працуе гэта, хутчэй за ўсё, менавіта ў выпадку, калі роўтар мянялі.

"Жучкі" ўжо не такія актуальныя, як атрыманне доступу да смартфона / Еўрарадыё

— Штатны роўтар, які выдаюць, як правіла, усім пры падключэнні, "жуком" не будзе. Калі раптам узнікае тэрміновая неабходнасць у замене абсталявання і гэта не выклікана скаргамі кліента, гэта можа быць сігналам да таго, што чалавеку падагналі "жука", — адзначае суразмоўнік. — У частцы бяспекі парада ўсё тая самая, старажытная: не балбатаць. Асабліва паблізу любых сродкаў сувязі і камунікацыі. Ідэальная размова — без гаджэтаў і на прыродзе. Тварамі, звернутымі не адно да аднаго, а куды-небудзь да лесу.

Спецыяліст таксама раіць звярнуць увагу на тое, што перахоп доступу да месенджараў цяпер больш актуальны, чым праслухоўванне. Напрыклад, ізраільскае шпіёнскае ПЗ Pegasus дазваляе цалкам кантраляваць прылады і сачыць за ахвярай узлому.

Каб Pegasus атрымаў доступ да тэлефона ці камп'ютара, не абавязкова нават спампоўваць файлы або адкрываць якія-небудзь спасылкі. Згодна з нядаўнім расследаваннем OCCRP, мішэнямі Pegasus маглі стаць 14 палітычных лідараў, уключаючы прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.

— "Жучок" і не патрэбны, дастаткова атрымаць доступ да гаджэтаў. Таму я рэкамендую падвойную верыфікацыю, не сінхранізаваць тэлефон з гуглам і заводзіць давераныя месенджары не на асноўную сім-картку, — робіць выснову суразмоўнік.

Зрэшты, калі прылада заражаная Pegasus, нават такія меры засцярогі не дапамогуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.