Вы тут

Даклад для УЕФА: што не так з беларускім футболам

На стадыёне "Дынама" ў Мінску ў час футбольнага матча / Еўрарадыё

Сёння Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці апублікаваў даклад з "парушэннямі, дапушчанымі Беларускай федэрацыяй футбола". Гэты даклад раней быў накіраваны прэзідэнту УЕФА і сябрам выканкама, каб прадэманстраваць "вычарпальныя доказы парушэнняў, якія здзяйсняюцца АБФФ".

Як кажуць аўтары даклада, у ім ёсць "шэраг доказаў, у тым ліку адпаведныя дакументальныя пацвярджэнні, шматлікія паказанні сведак, а таксама экспертныя заключэнні". Еўрарадыё азнаёмілася з дакладам, прыводзім кароткае рэзюмэ парушэнняў.

Умяшанне дзяржавы ў працу АБФФ

Як расказваюць аўтары даклада, працэдура выбараў кіраўніцтва федэрацый існуе толькі на паперы. "З даўніх часоў кіраўніцтва федэрацый па алімпійскіх відах спорту "абіраецца" па папярэднім узгадненні з прэзідэнтам краіны". Як прыклад, кіраўнікі федэрацыі заўсёды былі звязаныя з дзяржавай.

"Рыгор Фёдараў на момант выбараў у АБФФ узначальваў Камітэт па авіяцыі, Генадзь Нявыглас быў дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі і памочнікам Лукашэнкі па пытаннях нацыянальнай бяспекі, Сяргей Румас быў намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі, Уладзімір Базанаў быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У цяперашні час кіраўніком федэрацыі міні-футбола ёсць намеснік міністра МУС Сяргей Хаменка, федэрацыю пляжнага футбола ўзначальвае экс-супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта Міхаіл Ботнікаў".

Пра ўдзел у "палітычнай прапагандзе"

У дакладзе напісана, што ў 2010 годзе, напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі, у рамках апошняга тура чэмпіянату Беларусі паміж "Дынама" і "Белшынай" футбалістаў на поле вывелі дзеці ў майках "Лукашэнка — наш прэзідэнт". Прыведзеныя допісы ў падтрымку Лукашэнкі ў афіцыйных акаўнтах АБФФ, удзел Базанава і кіраўніка НАК Віктара Лукашэнкі ў велапрабегу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Велапрабег ад Віктара Лукашэнкі / Фота: БЕЛТА

Як выснова — гэта парушае пункты статута ФІФА, у якіх існуе непасрэдная забарона на ўдзел федэрацыі ў палітычнай агітацыі.

Умяшанне ў працу суддзяў

У дакладзе прыведзены паказанні сведак, якія расказалі, што Базанаў, а таксама іншыя кіраўнікі федэрацыі футбола казалі пра тое, што ў матчах "Дынама-Мінск" суддзі павінны былі сімпатызаваць гэтай камандзе. А таксама дзеля гэтага кожны панядзелак з раніцы ў АБФФ збіралася нарада з удзелам спадара Базанава, яго намеснікаў Вяргейчыка і Ботнікава, а таксама кіраўніка дэпартамента судзейства. На такіх нарадах часта ва ўльтыматыўнай форме прымаліся рашэнні пра пакаранне для таго ці іншага арбітра, які зрабіў памылку.

"У адным з матчаў "Дынама" — "БАТЭ" футбаліст "Дынама" Бахар забіў, але лайнсмен адмяніў гол праз правільна зафіксаванае па-за гульнёй.

Літаральна адразу ж пасля заканчэння матча начальніку дэпартамента судзейства і інспектавання паступіў званок ад Базанава з абурэннямі, чаму "Дынама" не прайшло далей са спасылкай, што міністр спорту будзе незадаволены. Потым быў званок Поклада з пытаннем, чаму не залічылі гол Бахара", — расказаў сведка, прозвішча якога не прыводзяць.

Пра карупцыю

Тэме дамоўных матчаў у дакладзе адведзена некалькі старонак. Фонд спартыўнай салідарнасці расказвае, як кіраўнікі футбольных клубаў пасля заканчэння сезона прывозілі грошы за сезон, які ўдала склаўся. "Сваю долю атрымліваў кіраўнік дэпартамента судзейства, а таксама суддзі, якія абслугоўвалі матчы гэтай каманды. У прыватнасці, у 2015 годзе дырэктар аднаго з клубаў найвышэйшай лігі пасля заканчэння сезона прывёз пэўную суму грошай для арбітраў, якія судзілі матчы гэтай каманды і забяспечылі неабходны вынік".

У час выступленняў зборнай Беларусі па пляжным футболе на Еўрапейскіх гульнях у Мінску / Еўрарадыё

У дакладзе расказваецца пра гульца зборнай Беларусі па пляжным футболе Вадзіма Бакача, які выступіў адным з арганізатараў дамоўных матчаў у пляжным футболе на ўзроўні зборнай.

"У прыватнасці, у 2019 годзе прадстаўнік МУС заявіў пра тое, што доказная база ёсць па футбалісце БАТЭ Волкаве і футбалісце "Дынама-Брэст" Пячэніне (абодва на момант удзелу ў дамоўных матчах гулялі ў "Нафтане"), а таксама былі сабраныя ўсе матэрыялы для завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да гульца зборнай Беларусі па пляжным футболе Вадзіма Бакача, які выступіў адным з арганізатараў дамоўных матчаў у пляжным футболе на ўзроўні зборнай.

Пакараны быў толькі Волкаў, які ў выніку атрымаў двухгадовую дыскваліфікацыю. Два іншыя фігуранты пакараныя не былі. Больш за тое, яны наогул зніклі са справы".

Як сказана ў дакладзе, Бакача не пакаралі, таму што ўсё адбывалася напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, дзе ў пляжнай зборнай былі шанцы ўзяць медалі. Базанаў і Ботнікаў заявілі, што "калі Лукашэнка пра гэта даведаецца, то галовы паляцяць ва ўсіх. Менавіта гэта стала падставай цалкам прыбраць пляжны футбол з расследавання, нягледзячы на вялікую колькасць падазроных матчаў".

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці звяртае ўвагу, што выкладзеныя факты кажуць пра тое, што гэта "не пытанне нацыянальнага ўзроўню", і просіць УЕФА пачаць дысцыплінарнае расследаванне ў дачыненні да Беларускай федэрацыі футбола.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.