Вы тут

Дадатковыя закупкі апаратаў ШВЛ не патрэбныя — Лукашэнка

Апарат ШВЛ / БЕЛТА

У цэлым па краіне задзейнічана толькі каля 50% апаратаў ШВЛ, таму дадаткова закупляць гэта дарагое абсталяванне немэтазгодна. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў аўторак.

Па словах Лукашэнкі, улады не могуць паставіць у кожную раённую бальніцу па 10-12 апаратаў ШВЛ, бо гэта нятанна, у дадатак "яны непатрэбныя будуць там, калі сыдзе гэты кавід".

Акрамя гэтага, апараты ШВЛ цяпер складана набыць — усе заяўкі распісаныя. Беларусь зможа атрымаць да канца года прыкладна 15 штук. 

Лукашэнка таксама распарадзіўся перавозіць хворых на лячэнне ў суседнія гарады ў сітуацыі, калі на месцах усе апараты ШВЛ занятыя, а ў іншых раёнах яны вольныя.

Як паведамляла Еўрарадыё, Лукашэнка на нарадзе раскрытыкаваў прынятыя ў Беларусі меры па нераспаўсюджванні каранавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, ён застаўся незадаволены узмацненнем жорсткасці кантролю за нашэнне масак у грамадскіх месцах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.