Да канца тыдня маразы ў Беларусі аслабеюць

Да канца тыдня маразы ў Беларусі аслабеюць

Маразы ў Беларусі аслабеюць яшчэ да канца тыдня. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Уначы па захадзе краіны чакаецца -6...-12 градусаў, па ўсходзе яна панізіцца да 13-18 ніжэй за нуль. Удзень чакаецца 1-6 градусаў марозу, а вось па паўднёвым захадзе тэмпература паветра падымецца да 0...+1 градуса.

Потым атмасферныя франты за паўднёвага захаду Еўропы прынясуць у Беларусь ападкі і больш цёплае паветра. 

У сераду будзе пераважна хмарнае надвор'е, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег, па паўднёва-заходніх раёнах — з дажджом. Месцамі магчымы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра будзе ад -3...-9 градусаў, удзень — ад нуля да 5 са знакам "мінус". Па паўднёвым захадзе краіны ўначы прагназуецца ад нуля да 2 градусаў марозу, удзень - +1...+3 градусы.

У чацвер на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе — з дажджом. Месцамі магчымы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра прагназуецца ад 2 да 8 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе — каля нуля. Удзень сіноптыкі абяцаюць ад 4 градусаў марозу да 2 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе Брэстчыны — да 3-5 градусаў са знакам "плюс".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі