Ціханоўская: Выхад любога невінаватага чалавека — гэта добрая навіна

Ціханоўская: Выхад любога невінаватага чалавека — гэта добрая навіна

Святлана Ціханоўская пракаментавала памілаванне палітвязняў. 

Як распавядала Еўрарадыё, 19 жніўня па памілаванні на волю выйшлі фігуранты "справы Прэс-клуба" Юлія Слуцкая, Пётр Слуцкі, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко.

Ціханоўская зазначыла, што апошнім часам лукашэнкаўскі рэжым прапаноўвае палітвязням пакаяцца і прызнаць сваю віну ў абмен на амністыю. 

"Хтосьці прыме гэтую прапанову, хтосьці адмовіцца — гэта асабісты выбар кожнага. Выхад любога невінаватага чалавека — гэта добрая навіна, і мы не маем права ацэньваць такое рашэнне", — заяўляе яна.

Разам з тым Ціханоўская заклікае не паддавацца на ілюзію, што некалькі выпушчаных чалавек — гэта развязанне крызісу і дыялог з гародам. 

"Наша задача — вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах. Гэта нават не 630 чалавек са спісаў праваабаронцаў — гэта тысячы людзей, без віны затрыманых і асуджаных. Мы не дапусцім гандлю іх лёсамі. Мы не дапусцім імітацыі выхаду з крызісу, бо мы ведаем, як выглядае сапраўдны выхад з яго: гэта свабода ўсім невінаватым і новыя выбары", — падкрэслівае яна. 

Ціханоўская сцвярджае, што яе каманда мае гатовыя рашэнні па рэабілітацыі палітычных зняволеных і правядзенні празрыстых выбараў за 60 дзён.

Яна заяўляе, што ў пытанні вызвалення палітычных зняволеных нельга ісці на кампрамісы з рэжымам: "Памятайце: хатняя хімія, падпіска аб нявыездзе, хатні арышт або любая абмежавальная мера — гэта не Свабода. Пакуль чалавек цалкам не рэабілітаваны, ён усё яшчэ закладнік. У закладніках яго бацькі і дзеці, калегі і сябры, якіх прымушаюць маўчаць, шантажуючы яго арыштам".

Пакуль усе нявінныя людзі не выйшлі з турмы — гэта гандаль, а не перамены, падкрэслівае Ціханоўская. Сітуацыю ў Беларусі яна называе тэрорам, у якога не бывае адлігі. Таму, лічыць яна, беларусы павінныя быць настойлівымі і паслядоўнымі ў сваёй барацьбе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі