Ці супадае рост заробка беларусаў з белстатаўскім?

Заробак беларусаў у перыяд са студзеня да красавіка вырас з 4,3 да 4,8 мільёнаў рублёў, ці на паўмільёна. Гэтак жа — на паўмільёна — пабагацелі і будаўнікі. Іх заробак з 5,6 вырас да 6,1 мільёнаў рублёў. 
 
Будаўнік Андрэй, які працуе на жыллёвым комплексе “Маяк”, кажа, што яго заробак да белстатаўскага ледзь дацягвае. Але яго па словах, заробак расце, бо на двары лета:
 
“У нас хлопцы зарабляюць 6 мільёнаў ледзь-ледзь. Але вырас, таму што лета, летам ў будаўнікоў болей працы, таму і грошай болей”. 
 
Хлопец дадае, што на будоўлі заробкі не самыя высокія, хоць, недзе будаўнікі, без сумневаў, зарабляюць і болей.
 
“Самы нізкі заробак — у падсобных рабочых. Бетоншчык можа зарабляць і 10 мільёнаў за месяц, пасля хабзы ці курсаў якіх, калі рукі адкуль патрэбна растуць”, — прыводзіць жыццёвую статыстыку Андрэй. Вось куды трэба ісці хлопцам пасля школы — не юрыстамі і эканамістамі, а бетоншчыкамі! 
 
Заробак настаўнікаў за студзень-красавік вырас ўсяго на 200 тысяч рублёў - амаль да 4 мільёнаў.  
 
Але настаўніцу англійскай мовы першай катэгорыі Алесю маё пытанне, ці пабагацела яна за паўгода, вельмі здзіўляе:
 
“А калі  заробак паднялі?!”
 
Аказваецца, настаўніца за паўгода пабагацела толькі на 100 тысяч рублёў і тое, калі даюць прэмію, а так адбываецца не заўсёды. Алеся за сваё 32 працоўныя гадзіны мае максімальны заробак у 3,7 мільёна:
 
“… і болей ніяк не заробіш. Адзін мой урок каштуе з падаткам каштуе прыкладна 30 тысяч, без падатку —28 тысяч”, — Алеся заўважае, што ў яе амаль дзве працоўныя стаўкі. Яна не надта задаволеная заробкам. Буйную пакупку ці адпачынак разам з мужам-настаўнікам можа дазволіць сабе толькі калі будзе адкладваць грошы… паўгода!
 
“Калі з мужам на працягу шасці месяцаў будзем адкладваць грошы, не плацячы за камуналку, не купляючы сабе адзення, тады мы зможам сабе купіць, да прыкладу, спальны гарнітур мільёнаў за шэсць-восем”, — кажа Алеся. 
 
Тэрапеўт Наталля з Магілёва сярэдняму заробку дактароў па Белстаце ў 6 мільёнаў рублёў здзіўляецца:
 
“У звычайнага тэрапеўта ці кардыёлага ў раённай паліклініцы на паўтары стаўкі прыкладна 2,5-3 мільёны рублёў — гэта максімум. Гэта, напэўна, калі ўзяць хірурга, які робіць суперскладаныя аперацыі".
 
Наталля кажа, што мінімум, якога заслугоўваюць беларускія дактары — 600 долараў:
 
“Хаця б каб пяць мільёнаў было”.
 
А вось Белстат беларускай медыцыне даўно налічыў ўсе семсот долараў...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі