Ці пачнуць працаваць абменнікі пасля павышэння курсу пакупкі валюты?

Ад раніцы 23 снежня ў беларускіх абменніках цуд — долары і еўра там набываюць па значна большым курсе, чым прадаюць. Уся справа ў прыхаваным 30-працэнтным зборы, які не пазначаны на табло. Звонім у банкі і пытаемся: ці выгадна так працаваць? У “Беларусбанку” адказваюць, што пакуль мала што зразумела, а працаваць будуць так, як скажа Нацбанк:

“Усе каментарыі — у Нацыянальным банку. Ён наш рэгулятар, і мы працуем згодна з яго пажаданнямі. Больш я вам нічога не магу сказаць”.

Тое самае чую яшчэ ў некалькіх банках. Маўляў, пакуль мала што зразумела, частка абменнікаў па-ранейшаму закрытая. А ў Нацбанку раяць размаўляць акурат з банкамі:

“Ці не лагічней такія пытанні задаваць банкірам? Што значыць закрыюцца абменнікі? Тут трэба пытацца думкі банкіраў. Бо збоку сядзець і разважаць, што каму выгадна цяпер, — наколькі гэта правільна? Думаю, трэба пытаць у банкіраў, як яны працуюць у гэтай сітуацыі”.

Пытаемся ў экспертаў-эканамістаў. Яраслаў Раманчук гаворыць, што дзеянні ўрада за апошні тыдзень варта аналізаваць хутчэй з псіхалагічнага пункту гледжання, чым з эканамічнага. Маўляў, логіку ўбачыць надзвычай складана.

У цэлым жа, на думку Раманчука, апошняя пастанова Нацыянальнага банка прывядзе да закрыцця абменнікаў і нават, магчыма, да рэзкага скарачэння камерцыйнай дзейнасці банкаў.

“Банкі прымушаюць прадаваць валюту, якой таксама пакуль няма. Нават сёння будуць прымушаць прадаваць па 14700 — 14800. А на рынку ўжо можна атрымаць за 15-16 тысяч. Будуць страты. Дададзім да гэтага тое, што падатак на банкаўскія прыбыткі і прыбыткі страхавых арганізацый таксама павялічыўся да 25%. Так што банкі ў шоку, ім такі бізнес не патрэбны. Я прагназую, што камерцыйная дзейнасць банкаў будзе скарачацца”, — гаворыць эканаміст.

Прадстаўнік афіцыйнага партнёра кампаніі “Альпары” у Беларусі, эканаміст Вадзім Іосуб больш лагодны. Гаворыць, што пастанова Нацбанка аб павышэнні закупачных курсаў на валюту ў абменніках спыніць развіццё чорнага рынка і прастымулюе людзей здаваць долары і еўра ў банкі:

“Гэта горш, чым было раней, але лепш, чым у апошнія дні. Напэўна, гэта нейкі крок у патрэбным кірунку”.

Вадзім Іосуб расказвае, што да падзей “чорнай пятніцы” розніца ў курсах куплі-продажу долара ў беларускіх абменніках была прыкладна 1%. Цяпер будзе 5%. Гэта больш, але не настолькі, каб людзі рызыкавалі з валютчыкамі.

З іншага боку, Пастанова датычыць толькі абменнікаў, на валютнай біржы ўсё застаецца па-ранейшаму, там курсы валют будуць мала розніцца ад курсаў Нацбанка. У выніку ў абменніках камерцыйных банкаў хутчэй за ўсё можна будзе набыць толькі здадзеную іншымі людзьмі валюту, тлумачыць Вадзім Іосуб:

“У банкаў будуць праблемы з тым, каб набыць валюту на біржы для падмацавання кас абменнікаў. У гэтым выпадку яны плацяць 30% падатку. Ім гэта нецікава. Але ў межах таго, што людзі самі будуць здаваць у абменнікі, банкі змогуць прадаваць валюту без асаблівых стратаў”.

Так што будзе лепш, чым цяпер, але не так добра, як увосень. Тым больш што абяцаныя Нацыянальным банкам “самалёты з валютай” трэці дзень не могуць даляцець да Беларусі. І валюты ў большасці абменнікаў па-ранейшаму няма.

Што здарылася?

22 снежня Нацбанк абавязаў камерцыйныя банкі павысіць курс набыцця валюты ў насельніцтва і зрабіць яго “меншым за рэальны курс продажу на 5%”.

Каго гэта датычыць?

Толькі фізічных асобаў, якія мяняюць валюту ў абменніках і банках. Аперацыі на валютнай біржы праводзяцца па курсах Нацыянальнага банка.

Навошта?

Паводле афіцыйнай версіі, для “недапушчэння развіцця чорнага валютнага рынка”.

Як у выніку выглядаюць курсы?

У аўторак, 23 снежня, у абменніках Мінска долар можна здаць у сярэднім па 13700 рублёў, еўра — па 16700. Набыць, калі пашчасціць, па 14700 за долар і каля 18 тысяч еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі