Шэйман, Кіпр, санкцыі: як рэжым Лукашэнкі зарабляе на каліі і люксавых аўто

На перавалцы калію зарабляюць былыя рэжымныя чыноўнікі

На перавалцы калію зарабляюць былыя рэжымныя чыноўнікі / СБУ

Зарабляць на калійных угнаеннях, нягледзячы на санкцыі, былым рэжымным чыноўнікам дапамагае кіпрская кампанія. Пра гэта, а таксама пра тое, як з удзелам Віктара Шэймана адбываецца рээкспарт дарагіх аўто з Украіны ў Расію ў абыход санкцый, гаворыцца ў чарговым расследаванні Беларускага расследавальнага цэнтра.

Яно было падрыхтаванае ў супрацоўніцтве з ініцыятывай "Рабочы рух", тэлеканалам "Белсат", праектам украінскай службы "Радыё Свабода" "Схемы" і Цэнтрам даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), пры падтрымцы "Кіберпартызанаў".

Еўрарадыё пераказвае галоўнае з гэтага расследавання.

"Беларуськалій" — беларускі манапаліст па вытворчасці калійных угнаенняў і адна з асноўных крыніц заробку для рэжыму, знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША. Прадпрыемства экспартуе прадукцыю ў Кітай, Бразілію і Інданезію.

Гэтыя краіны і раней былі асноўнымі партнёрамі, але санкцыі значна ўскладнілі дастаўку прадукцыі. Калі раней яна ішла праз літоўскі порт у Клайпедзе, то з 2022-га — праз Санкт-Пецярбург, а гэта і даўжэй, і даражэй.

У порце Пецярбурга "Беларуськалій" карыстаецца паслугамі чатырох тэрміналаў. На адным з іх, Балтыйскім судамеханічным заводзе, спецыяльна для перавалкі беларускага калію павялічылі магутнасці — праз яго праходзіць да траціны ўсяго экспарту ўгнаенняў.

У 2023 годзе дзякуючы беларускаму калію БСМЗ павялічыў абарот у 30 разоў — да $35 млн. Расійскія СМІ рапартавалі, што ў мінулым годзе тут перавалілі каля 2 млн тон калію.

Аднак у расследавальнікаў ёсць дакументы, якія сведчаць, што калію было на самой справе больш за 3 млн тон. А мяркуючы па кантракце, які апынуўся ў распараджэнні журналістаў, "Беларуськалій" заплаціў БСМЗ за перавалку калію ў два разы больш — амаль $70 млн.

Шейман, Кипр, санкции: как режим Лукашенко зарабатывает на калии и люксовых авто
Калій транспартуюць праз порт Санкт-Пецярбурга / seaport.spb.ru

Як так атрымалася?

Як высветлілася, "Беларуськалій" плаціў БСМЗ за перавалку грузаў з цягнікоў на судны не наўпрост, а праз кампанію-пракладку Dimicandum Invest Holding LTD, зарэгістраваную на Кіпры. Беларусы плацілі ім па цэнах у два разы вышэйшыя за рынкавыя, а кіпрская кампанія, аформіўшы асобны кантракт з портам, плаціла яму ўжо ад свайго імені.

Калій, як і меркавалася, адпраўляўся з Расіі ў Кітай, Інданезію і Бразілію, і Dimicandum Invest Holding LTD указаная ў дакументах як экспедытар.

У паслугах гэтай кампаніі аб'ектыўна не было вострай неабходнасці. Расследаванне паказала, што пасярэднік быў патрэбны, каб дапамагчы вывесці грошы "Беларуськалія" на карысць давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі.

Журналісты высветлілі, што за кіпрскай фірмай-пракладкай стаіць Віктар Шэйман — даўні паплечнік Лукашэнкі, чыноўнік са стажам, які знаходзіцца пад санкцыямі як адказны за расследаванне знікненняў палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Кампанія Dimicandum Invest Holding LTD была заснаваная ў 2012 годзе і належыць грамадзянцы Кіпра Галіне Акрытавай Аляксандраў. Яна ж у фірме і дырэктар.

Дагавор аб перавалцы ўгнаенняў у порце Санкт-Пецярбурга падпісвалі генеральны дырэктар "Беларуськалія" Галаваты І.І. і фінансавы дырэктар Dimicandum Invest Holding LTD Свірыдаў А.Г.

Свірыдаў — як пацвердзілі следчыя — у 2019-2021 быў намеснікам кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якое ўзначальваў Віктар Шэйман.

Шейман, Кипр, санкции: как режим Лукашенко зарабатывает на калии и люксовых авто
Усе дарогі сходзяцца да Віктара Шэймана, былога кіраўніка справамі прэзідэнта / president.gov.by

Праз месяц пасля вызвалення з пасады, Свірыдаў стаў кіраўніком ЗАТ "Вектар Капітал Груп". У лютым 2024-га ў кампаніі змяніўся кіраўнік. Ім стаў зноў жа паплечнік Шэймана, былы першы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі (2013-2022) Мікалай Селіванаў.

Акрамя Свірыдава і Селіванава, у "Вектар Капітал Груп" у 2023 годзе працавалі яшчэ двое былых чыноўнікаў з кіраўніцтва справамі прэзідэнта — Дзмітрый Петрашэвіч і Уладзімір Скулавец.

Чым займаецца "Вектар Капітал Груп"? Спецыялізацыя кампаніі — "дзейнасць галоўных арганізацый", што азначае назіранне і кіраванне іншымі юрыдычнымі асобамі, якія ўваходзяць у нейкую структуру. Але па факце — зараблянне грошай на дзяржаўным манапалісце і ўзбагачэнне былых рэжымных чыноўнікаў.

 

Арганізатар экспарту люксавых аўто ў РФМінск?

Засвяцілася кампанія Dimicandum Invest Holding LTD і ў іншым сумніўным бізнесе.

У пачатку траўня 2023 года Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла аб ліквідацыі маштабнай схемы нелегальных паставак у Расію падсанкцыйных аўтамабіляў прэміум-класа. 
У матэрыялах справы гаворка ішла пра бізнесмена з Львова, які са жніўня 2022 да сакавіка 2023 года нелегальна пераправіў у РФ 45 аўтамабіляў на €3 млн. Па падробленых дакументах аўто праз ЕС траплялі ў Беларусь, а потым — у Расію.

Сярод пакупнікоў былі топ-менеджары "Газпрома" і супрацоўнікі прапагандысцкага медыя Russia Today.

Украінскія СМІ раскрылі імя бізнесоўца — гэта Віталь Бобыр. Ён ва Украіне ў вышуку, але ўцёк ад следства. Падчас ператрусу ў яго сярод іншага знайшлі дакументы з пячаткамі беларускай кампаніі ТАА "БЕЛ-БИТФАЙНДЕР", а таксама двух кіпрскіх — Rostumel Holding Limited і ўсё той жа Dimicandum Invest Holding LTD.

Украінскае следства знайшло сувязь Бабыра з людзьмі з беларускай улады.

У прыватнасці, у распараджэнні следчых ёсць даверанасці, якія даюць паўнамоцтвы экс-намесніку кіраўніка спраў Лукашэнкі Свірыдаву здзяйсняць ад імя кіпрскай кампаніі Dimicandum Invest Holding LTD любыя зделкі без абмежавання сумы і быць яе прадстаўніком, адкрываць банкаўскія рахункі.

У размове з БРЦ Свірыдаў назваў гэтыя дакументы падробкай. І абвінаваціў у гэтым украінскіх праваахоўнікаў.

Андрэй Свірыдаў працягвае працаваць у структурах, звязаных з Віктарам Шэйманам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі