Дар’я Шманай, магчыма, жыла ў маскоўскай кватэры Аляксандра Машэнскага — Бюро
Дар’я Шманай / russia.mfa.gov.by
Журналісты-расследвальнікі з “Бюро” высветлілі, што дарадніца-пасланніца пасольства Беларусі ў Расіі і былая фаварытка Лукашэнкі Дар’я Шманай магла жыць у маскоўскай кватэры ўплывовага беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага.
Гэта вынікае з уцеклых базаў дадзеных. Паводле іх, у красавіку 2023 года Дар’я Шманай атрымала ад Федэральнай службы судовых прыставаў паведамленне пра завінавачанасць па адміністрацыйным правапарушэнні ў памеры 3 тысяч расійскіх рублёў. Ліст быў накіраваны на яе імя, на маскоўскі адрас: Ленінградскі праспект, 2
Як стала вядома “Бюро”, гэтая кватэра плошчай 105 квадратных метраў была набытая ў траўні 2003 года ўладальнікам холдынга “Санта Брэмар” Аляксандрам Машэнскім. Па сённяшні дзень ён застаецца аднаасобным уласнікам гэтай нерухомасці ў Маскве.
Аляксандр Машэнскі — бізнэсовец, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. У 2010 годзе ён быў даверанай асобай палітыка на выбарах. У 2020 годзе прысутнічаў на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі. Да ліпеня 2025 года Машэнскі ўваходзіў у цэнтральны савет Прэзідэнцкага спартовага клуба, які кантралюе Дзмітрый Лукашэнка.
У траўні 2025 года МЗС Ісландыі вызваліў Аляксандра Машэнскага ад пасады ганаровага консула, якую ён займаў 18 гадоў. Паводле інфармацыі крыніцы “Бюро”, знаёмай са справамі ісландскага МЗС, гэта адбылося з-за нежадання новай кааліцыі бачыць на пасадзе чалавека, які асацыюецца з Аляксандрам Лукашэнкам. За сувязі з беларускім рэжымам Машэнскі таксама трапіў пад санкцыі Польшчы ў ліпені 2025 года.
Журналісты накіравалі аэнскаму запыт з просьбай пракаментаваць, на якіх падставах Дар’я Шманай пражывала ў ягонай кватэры. Бізнэсовец перадаў праз свайго сакратара, што “не каментуе плёткі”.