"Я хацеў выдаць тых, каго "няма": чаго чакаць ад новага беларускага выдавецтва

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Разбіваліся келіхі, чыталіся вершы, "выступалі нейкія мастакі" — карацей, у Мінску адкрывалася "Галерэя Ў". Малады літаратар Павел Анціпаў перакінуўся парай слоў з мэтрам Валянцінам Акудовічам. Мэтр сказаў: "Паша, пара вашую кнігу выдаваць".

А побач выдавец стаяў. Акудовіч і яму кажа: выдайце Паўла, даўно пара! Выдавец пагадзіўся: так-так, давайце выдадзім Паўла. На наступны дзень я даслаў свой рукапіс, і пачаўся адлік гадоў, на працягу якіх яна рыхтавалася да друку. Праз тры гады выдалі — здаецца, на абрэзках, што засталіся ад Алексіевіч, — расказвае Анціпаў.

Цяпер у Анціпава сваё выдавецтва — "Мяне няма". Гэтак жа называецца кніга Акудовіча, якая выйшла ў 1998 годзе. Праца выдавецтва "Мяне няма" пачалася з перавыдання "Мяне няма". Анціпаў кажа, што падрыхтаваць кнігу да публікацыі можна за пару месяцаў. Ён хоча выдаць як мага больш маладых беларускіх аўтараў, якіх пакуль "няма", — і як мага хутчэй.

І што, на такім бізнесе можна зарабіць?


"Наш аўтар зарабіў на кнізе больш за праславутыя беларускія "па пяцьсот"

— Чаго "няма" ў беларускім літаратурным працэсе?

— Ды нічога. У нас няма пісьменніцкай інфраструктуры. Усе падумаюць, што мы скардзімся? Ну а што — так і ёсць.

Інфраструктуры няма, літаратурная сфера адрэзаная ад дзяржавы. У нармальных краінах літаратура фінансуецца, у тым ліку за кошт дзяржпраграм, падаткаў. А нашая дзяржава асцерагаецца фінансаваць літаратуру — ці мала што яны там напішуць.

А калі "няма" фінансавага рэсурсу — значыць, мы не можам пабудаваць нічога інстытуцыйнага. Арганізацыі, якія працавалі ў Беларусі — ПЭН-цэнтр, Саюз пісьменнікаў, — вымушаныя былі закрыцца. Але і раней доступу да сур'ёзных грошай у літаратуры ў Беларусі не было.

"Я хотел издать тех, кого "няма": чего ждать от нового белорусского издательства
Павел Анціпаў / Euroradio

І сістэмы раскруткі няма. Усе існуюць на гэтым полі больш-менш як аматары. Зазірніце ў сацсеткі літаратурных арганізацый. Там ёсць спецыяліст СММ? Мяркую, гэта менеджар праекта, які цягне гэта на сабе. І пра якое прафесійнае прасоўванне можа ісці гаворка? Нас мала, і грошай у сферы мала. Так што мы раскручваемся да той мяжы, да якой можам.

— Вось у цябе за спіной на палічцы некалькі кніжак. Чаму да цябе ніхто з беларускіх выдаўцоў іх не надрукаваў?

— Таму што ў выдавецкай справе не было мяне. Не было чалавека, які глядзеў бы на кнігавыданне з пісьменніцкай перспектывы, не было выдаўца-літаратара, які разумее, што трэба аўтарам.

А ім трэба хутчэй выдаць сваю першую кніжку, каб пачаць адлік свайго кніжнага жыцця. У Беларусі шмат людзей, у якіх першая кніга не выходзіць у тэрмін. Гэта складана — сядзець і думаць: да каго ісці, хто мяне выдасць?

З таго часу, як у 1998-м годзе ўпершыню выйшла кніжка Акудовіча "Мяне няма", у беларускай літаратуры сфармавалася пакаленне "Мяне няма". Першае пакаленне без назвы.

Літаратары заўсёды вакол чагосьці аб'ядноўваліся: "Маладняк", "Узвышша", "Тутэйшыя", "Бум-бам-літ". Заўсёды была група, быў маніфест. А нашае пакаленне — першае, якое не аб'ядналася. У яго няма назвы. Пакаленне "Мяне няма".

Мне заўсёды хацелася дапамагчы таму, што фармуецца. Мы доўга думалі над назвай выдавецтва, а потым зразумелі, што канцэпт Акудовіча "Мяне няма" ідэальна яго апісвае. Увесь гэты канцэпт можна прачытаць і як выяўленне сябе праз адсутнасць. Бо калі ты кажаш, што цябе няма, ты сябе называеш.

У Беларусі я займаўся тым жа, што раблю цяпер. Разам з Юліяй Цімафеевай я быў рэдактарам серыі "Пункт адліку", у якой выходзіла шмат першых кніг беларускіх аўтараў. Там я не меў доступу да самога працэсу друку і вёрсткі. Я проста рыхтаваў рукапісы, але не ўплываў на тэрміны друку, на якасць паперы. А ў "Мяне няма" я магу на гэта паўплываць. І я хачу выдаць усё, што праходзіць маю экспертызу, што здаецца мне класным.

— А твая першая кніга — тая, за каторую Акудовіч упісаўся — колькі гадоў рыхтавалася да друку?

— Мы рыхтавалі рукапіс тры гады. Сваіх грошай у мяне не было, заплаціць за друк я не мог, у выдавецтве, мабыць, не быў наладжаны працэс. Любая кніжка, нават кніжка таго ж Акудовіча, магла праляжаць некалькі гадоў.

Мая ляжала гады тры. І потым ледзь не на абрэзках, якія засталіся ад [Святланы] Алексіевіч (ці чыіхсьці яшчэ?), мяне надрукавалі.

— У тваім выдавецтве ўсё па-іншаму?

— Рукапіс можна падрыхтаваць за месяц-два. Ну, за тры.

У нас у выдавецтве выразна прапісаныя тры істотныя пункты: калі мы бярэм кніжку, яна больш нікому не можа належаць на працягу трох гадоў. Аўтар атрымлівае па 1 еўра з кожнага прададзенага асобніка.

"Я хотел издать тех, кого "няма": чего ждать от нового белорусского издательства
Кнігі выдавецтва "Мяне няма" / Euroradio

І яшчэ мы не забіраем больш ніякіх правоў — ні на пераклад, ні на экранізацыю. У стандартных дамовах, якія заключаюць з аўтарамі беларускія выдавецтвы, гэта чамусьці прадугледжваецца. Я не разумею навошта, таму што нашыя маленькія беларускія выдавецтвы ўсё роўна не могуць абараніць гэтыя правы.

— Які быў самы вялікі ганарар у аўтара, які тут выдаўся?

— Так, давай паглядзім (адкрывае ноўтбук). З выплачаных... Гэта-гэта-гэта ... А, ну нармальна: 446 Еўра. І яшчэ 87 мы не выплацілі. Гэта ўжо больш за праславутыя беларускія "па пяцьсот".

— І аўтар не траціўся на выданне кнігі?

— Аўтар не павінен траціцца на выданне кнігі. Гэта наогул не праблема аўтара — шукаць грошы на сваю кнігу.


Калі чытаю: "Петрык падышоў да акна", — разумею, што тэкст будзе не вельмі добры

— Працаваць з маладымі аўтарамі, у якіх яшчэ няма кнігі — гэта, напэўна, рызыкоўна? Ты не расчараваўся ў беларускай літаратуры, калі адкрыў выдавецтва?

— Не. Калі я адкрываў выдавецтва, я ўжо ведаў многіх, каму прапаную апублікавацца. Я даўно ў беларускай літаратуры і ведаю большасць з тых людзей, якія дасылаюць мне рукапісы. Можа, на пошту і прыходзіла некалькі бездапаможных, але я не магу такіх успомніць.

Так што не, я не магу сказаць, што расчараваўся ў беларускай літаратуры, адкрыўшы выдавецтва. Таму што я адкрыў яго, каб выдаць хоць бы тыя трыццаць кніжак, для якіх у мяне ўжо ёсць тэчкі на кампутары.

Калі чалавек напісаў кніжку — значыць, ён займаецца літаратурай мэтанакіравана. Даўно піша, адвучыўся, пазбягае распаўсюджаных памылак. А вось вылавіць тэксты для "Літрадыё"[іншы праект Анціпава, аўтары могуць дасылаць для публікацыі кароткую прозу] складаней.

— І якія самыя частыя беды беларускіх аўтараў?

— Большасць тэкстаў чамусьці пачынаюцца з дзіўнай экспазіцыі. Напрыклад,"Петрык падышоў да вакна". Або "Каміла заварвае чай". Гэта значыць аўтар дае герою імя, якое ў нашай гістарычнай літаратурнай сітуацыі выглядае вельмі ненатуральна. Ну і калі бачу гэтую экспазіцыю — "Пеця выйшаў і нешта ўбачыў" або "хтосьці запарыў каву", — разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, будзе не вельмі добры тэкст.

Але гэта проста хвароба аўтараў-пачаткоўцаў. Думаю, і я так пісаў.

— І якое было імя?

— Імя? Ды нейкае. Пётр Пятровіч? Я не памятаю.

"Я хотел издать тех, кого "няма": чего ждать от нового белорусского издательства
Павел Анціпаў / Euroradio

— Хто вырашае, ці будзе выдаваць кніжку "Мяне няма"?

— У нас вялікая рэдкалегія: я, [культуролаг] Максім Жбанкоў, дызайнеры Ігар Юхневіч і Саша Пажытак, менеджарка Даша Сітнікава. Хтосьці прыносіць кніжку, і мы вырашаем, ці будзем яе друкаваць і як хутка. Пад кожную кніжку шукаем рэдактара. Толькі ў Акудовіча і Казлова рэдактара не было, таму што ў Акудовіча — перавыданне, у Казлова — перавыданне і аўтарская версія.

— А ці вы часта спрачаецеся пра кнігі? Дапусцім, ты хочаш выдаць, а Жбанкоў думае, што гэта лухта, а не кніга.

— Ну, бывае, бывае. Кухню расказваць не буду, каб не абразіць кагосьці з аўтараў. Але так, аднадушнасці няма.

Але калі яна ёсць, то кніга выдаецца хутка.


"Тое, што ў чалавека застаецца ў памяцізусім не тое, што было насамрэч"

— У 2019 годзе ты выдаў кнігу "Кароткая гісторыя прэміі Г. Таксічны раман" — сатыра з кулуараў беларускіх літаратурных прэмій. Ты тады пасварыўся з тусоўкай? Калі б не пасварыўся, цяпер было б прасцей наладжваць працэсы?

— Напачатку было складана, але гэта было яшчэ ў Беларусі. Можа, звонку здаецца, што ёсць нейкая маналітная тусоўка, у якой хтосьці з кімсьці перастае мець зносіны. Але гэта гучна сказана.

Пасля выхаду "Прэміі Г." у мяне канфлікт толькі з адным чалавекам. Канфлікт палітычны, канфлікт каштоўнасны. Канфлікт у поглядах на тое, як мусіць быць уладкаваная арганізацыя — літаратурная або не. Як мусяць быць арганізаваныя працэдуры, як мусяць размяркоўвацца ролі і ў чым роля кіраўніка. Мая пазіцыя менш таталітарная. Я за магчымасць зменіць уладу. Я супраць сітуацыі, калі чалавек сеў і сядзіць, нікому гэтую арганізацыю не аддаючы. Але ОК, у нас у краіне такое бывае.

А з так званай тусоўкай у мяне больш-менш роўныя адносіны. З кімсьці лепш, з кімсьці горш. Ігнора ў свой бок я не адчуваю. Так што нельга сказаць, што мне складана быць выдаўцом. Я з усімі магу пагаманіць, спісацца.

"Я хотел издать тех, кого "няма": чего ждать от нового белорусского издательства
Павел Анціпаў / Euroradio

— Вось ты пішаш аўтафікшн [жанр, у якім гісторыя абапіраецца на элементы біяграфіі аўтара]...

— Ну, гэта цяпер стала называцца аўтафікшн. Але занадта папулярным, папсовым стала гэтае слова, ужо не ўсе любяць прымяраць яго на сябе. Класна, што ў пісьменніцкай справе вылучылі такую палічку, хоць гэткі кірунак заўсёды існаваў.

— Добра, якое слова табе падабаецца?

— Ды хай будзе аўтафікшн. Я не вельмі камерцыйны чалавек, інакш справы ў выдавецтва ішлі б яшчэ лепей. А камерцыйныя людзі прыдумляюць жанры, каб іх было лягчэй прадаваць.

—  Ты б апісаў у будучым тэксце свой досвед з выдавецтвам?

— Звычайна я апісваю ў сваіх тэкстах падзеі, якія адбыліся нейкі час таму. Звычайна ёсць люфт ў 10 гадоў. Праз 10 гадоў паглядзім, апішу я гэта ці не.

Я вяду дзённік — але эпізадычна, пад настрой, цяпер на гэта менш часу. Гэта і добра, празмерны дзённік ты звычайна цалкам змяшчаеш у кнігу. А цікавей апрацоўваць зацемачкі, іх прасцей "раздуць" у тэкст. А яшчэ цяпер ёсць фоцікі ў тэлефонах, перапіска ў мэсэнджарах і ў пошце, і гэта ўсё — матэрыялы для пісьма. Для любога пісьма, не толькі аўтафікшн.

Але аўтабіяграфічная літаратура — не значыць дакументальная. Тое, што ў чалавека застаецца ў памяці — зусім не тое, што было насамрэч.

— Ці апублікаваў бы ты раман пра тое, што адбылося ў Беларусі чатыры гады таму?

— Дык яго няма. З'яўляліся рэфлексіі ў вершах, але для вершаў ёсць асобнае выдавецтва, якое робіць Дзмітрый Строцаў.

А хутка рэагаваць на падзею ў буйной празаічнай форме даволі складана. Колькі ў нас тэкстаў пра падзеі 2006, 2010 года? Ну вось ёсць класная мініяцюра ў [Андрэя] Пакроўскага ў кніжцы "Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза" — там пра 2006 год. Але гэта маленькая штука, а ўсім жа падавай "Вайну і мір".

Я вось дапісаў кнігу летась і збіраюся выдаць яе ў сёлета. Аказалася, што калі ты апісваеш сваё жыццё ў нейкі перыяд, то і палітычныя падзеі туды нейкім чынам ўплятаюцца. Я сам здзівіўся, што ў мяне там ёсць і пра шосты, і пра дзясяты год у Беларусі.

Пра Еўрарадыё трошачкі, дарэчы, ёсць. Пра Паўла Шарамета і супрацоўніцтва з ім. У гэтай кнізе я апісваю перыяд з 2006 па 2013 год — гэта значыць патрэбна тая самая дзесяцігадовая дыстанцыя, пра якую я казаў.

Ва ўкраінскай літаратуры такія тэксты ёсць. Напрыклад, "Інтэрнат" [Сяргея] Жадана прысвечаны падзеям 2014-га года. Але, па-першае, празаікі ўзроўню Жадана — наогул рэдкасць, па-другое, ва Украіне літаратуру ўсё ж падтрымлівалі. Я сваю кнігу пісаў 4 гады, падтрымкі ў мяне не было. Зарабляў грошы адным і спрабаваў знайсці час для кнігі.


"Самае культавае? Хм. Ну так, магчыма, мы і прэтэндуем на гэтую ролю"

— Гэтым калькулятарам на стале часта карыстаешся?

— Спецыяльна купіў. Зручна для вялікіх лічбаў — зручней, чым на тэлефоне. У мяне першая адукацыя — эканамічная.

У мяне ж шмат спадарожных абавязкаў у выдавецтве. Як адміністратар я зважаю на дэбет-крэдыт.

Я першапачаткова не хацеў грантавай мадэлі для выдавецтва. Але цяпер у нас усё не вельмі добра, так што, можа, мы падумаем пра якую-небудзь [грантавую] заяўку. Думаў, беларускі чытач зможа акупіць невялікае выдавецтва. Так і адбылося — хіба што наша праца пакуль практычна не аплачваецца. Напэўна, яшчэ рана. Але мы чакаем, можа, яна пачне аплачвацца.

Гэта значыць, я не плачу сабе заробак у выдавецтве. Але на "Літрадыё" невялікая зарплата ў мяне ёсць. Праўда, нерэгулярная. Я проста ўкладваю свае сілы ў беларускую літаратуру і культуру.

"Я хотел издать тех, кого "няма": чего ждать от нового белорусского издательства
Павел Анціпаў / Euroradio

Ёсць пул людзей і арганізацый, якія даюць гранты, з якімі я знаёмы яшчэ з часоў ПЭНа — але іх не вельмі шмат. Прасіць фінансавання ў арганізацый, якія існуюць на сродкі іншых краін, сумна і не вельмі прыкольна. Не ўсе яны разбіраюцца ў нашай спецыфіцы. Хацелася б атрымліваць уласнае фінансаванне.

— Не хацеў пайсці больш простай дарожкай і больш прыбытковай? Бахарэвіча хаця б друкаваць, а не маладых аўтараў? Ці крутыя пераклады сусветнай літаратуры?

— Мне падаецца, што пераклады ёсць каму выдаваць. Пераклады — цудоўная штука, і важна, каб у беларускай мове існавалі пераклады, гэта пашырае корпус літаратуры. Таму што ўласна беларуская літаратура не так хутка ствараецца, як хацелася б.

У таго ж Бахарэвіча няма праблем з выданнем, з пазнавальнасцю. Ён адбыўся як пісьменнік... мяне лаюць за гэтае слова ... Але так, ён адбыўся. А мне хочацца паказваць, што нашая літаратура шырэйшая, што гэта не толькі некалькі імёнаў і пераклады. І не толькі паказваць, а і садзейнічаць таму, каб беларуская літаратура пашыралася, каб колькасць імёнаў у ёй павялічвалася.

Класна пісьменнікам, якія змаглі вынырнуць з нашага літпрацэсу і далучыцца да іншага. Ні Алексіевіч, ні Саша Філіпенка не змаглі б нічога дасягнуць, калі б іх "адключылі" ад іншых краін. Гэтыя імёны не былі б на слыху ў беларусаў.

Яны сталі вядомыя за мяжой, і толькі тады ў нас загаварылі — о, які класны пісьменнік, раз ужо хтосьці звярнуў на яго ўвагу, то давайце і мы звернем! Саша Філіпенка вярнуўся ў беларускі кантэкст праз Еўропу, праз пераклады на многія еўрапейскія мовы.

Калі кніга выходзіць там [у Еўропе], для цябе арганізуюць выступы, падчас якіх ты знаёмішся з перакладчыкам, а потым прыходзіць рэпарцёр з нейкай газеты і піша пра цябе нататку, а потым у цябе заказваюць калонку. Гэта значыць калі ты трапляеш у гэты літаратурны працэс, ты пачынаеш у ім рухацца.

У Беларусі так не адбываецца. Я зараз дам гэтае інтэрв'ю, пара чалавек яго прачытае — але гэта не прывядзе да таго, што нейкі рэдактар падумае: “Які класны чувак, закажу ў яго калонку!" У нас так не працуе. А там — працуе.

У тым ліку таму, што там літаратурны працэс не аддзелены ад дзяржавы. Там дзяржава гэтаму працэсу не перашкаджае, а падтрымлівае яго. А Беларусь у гэтым сэнсе — чорная дзірка на карце Еўропы. Узяць любую краіну вакол — усюды добра з гэтай справай. І нават у Расіі дзяржава падтрымлівае літаратуру, а ў Беларусі — не.

— Што ты палічыш поспехам выдавецтва "Мяне няма"?

— О, гэта пытанне Ігара Юхневіча. Я не вельмі камерцыйны чалавек, я проста хацеў стварыць выдавецтва.

Ад розных выдаўцоў я ў розны час чуў пра такі крытэр: поспех — гэта калі ты выдаеш аўтара, а яго кнігі за год прадаюцца накладам у тысячу асобнікаў. Тысячу за год мы прадалі — але пакуль не аднаго аўтара, а ўсіх разам.

А наогул мы хочам прадаваць пяць тысяч асобнікаў і будзем лічыць гэта поспехам. Здаецца, ёсць усяго парачка кніжак, якія беларускія выдавецтвы прадалі такім накладам.

— Але гэта колькасны паказчык — а якасны? Вы маглі б стаць самым культавым беларускім выдавецтвам?

— Хм. Ну так, магчыма мы і прэтэндуем на гэтую ролю. У нас цікавы густ, не кожнае выдавецтва пагодзіцца выдаваць кнігі, якія выдаем мы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі