Вы тут

Ці можна праз санкцыі ператварыць Беларусь ў Паўночную Карэю?

Вечнае пытанне: ці працуюць санкцыі?

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч лічыць эканамічны ціск адзіным легальным інструментам, з дапамогай якога можна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Крытыкам санкцый, якія лічаць, што гэты інструмент не працуе, ён раіць прапанаваць іншы, больш эфектыўны.

“Наша супольная пазіцыя: санкцыі павінныя быць скаардынаваныя, як мага шырэйшая кааліцыя краін павінная іх уводзіць. Санкцыі павінны тычыцца самых балючых кропак беларускай эканомікі, толькі тады яны будуць дзейнічаць. І санкцыі павінны ўводзіцца як мага хутчэй. Павінна прасочвацца залежнасць: прычына — вынік. Прычына: закрылі Tut.by, вынік — санкцыі. Інакш гэта расцягваецца ў часе, і беларускім палітычным элітам, і беларускаму грамадству незразумела”, — тлумачыць сваю пазіцыю Аляхновіч.

Крытыкі санкцый апялююць да зразумелага аргументу: эліты ад гэтых абмежаванняў не збяднеюць, толькі простыя беларусы. Аляхновіч лічыць, што прычына збяднення не ў санкцыях.

“Збядненне насельніцтва пачалося яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Рэальны тэмп росту беларускай эканомікі быў 0,9%, нашыя суседзі развіваліся ў 3-4 разы хутчэй. Мы сталі адставаць не толькі ад суседзяў, а ад глабальнай эканомікі ў цэлым”, — кажа Аляхновіч.

Другі контраргумент праціўнікаў санкцый — апасенні паўтарыць лёс Кубы і Паўночнай Карэі. Сцэнары развіцця гэтых краінаў кажуць пра тое, што дыктатарскія рэжымы праз эканамічны ціск не падаюць. Але ж Аляхновіч упэўнены, што параўноўваць з імі Беларусь не варта.

“Куба — востраў, Паўночная Карэя мяжуе з двума краінамі. Але ў Беларусі адкрытая эканоміка, яна вельмі шмат імпартуе, шмат экспартуе. Калі закрываць межы, транзіт, то беларуская эканоміка гэтага не вытрымае”, — лічыць Аляхновіч.

Але ж суразмоўца Еўрарадыё выступае за тое, каб казаць не толькі пра негатыўны парадк дня.

“Трэба ствараць магчымасці за мяжой для людзей, якія з’ехалі, беларускія школы, ствараць асацыяцыі беларускага бізнесу”, — кажа Аляхновіч.

Поўную версію размовы з Алесем Аляхновічам глядзіце на YouTube-канале Еўрарадыё.

Поўную версію размовы з Алесем Аляхновічам глядзіце на YouTube-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.