Ці могуць іншагароднія студэнты прагаласаваць у дзень выбараў дома?

Ці могуць іншагароднія студэнты прагаласаваць у дзень выбараў дома?

Датэрміновае галасаванне стартавала ў Беларусі 6 кастрычніка. Менавіта гэты этап кампаніі выклікае найбольш пытанняў і падазрэнняў у назіральнікаў. Наракаюць на прыпісванне яўкі і прымус да галасавання студэнтаў.

Але некаторыя студэнты не адмаўляюць, што ўдзел у датэрміновым галасаванні мае для іх і меркантыльны характар. Для тых, хто прыехаў навучацца з іншых гарадоў, гэта нагода раней вярнуцца дадому.

Аднак уявім сабе сітуацыю: іншагародні студэнт вучыцца ў Мінску і жыве ва ўніверсітэцкім інтэрнаце. У сталіцы ён, вядома, мае часовую рэгістрацыю, аднак на выхадныя збіраецца з'ездзіць дадому. Менавіта там ён хоча выканаць свой грамадзянскі доўг ― прагаласаваць за аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты.

“Лепей скарыстацца правам датэрміновага галасавання, ― адразу раіць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. ― Студэнты галасуюць у нас па месцы сваёй часовай рэгістрацыі, а часовая рэгістрацыя ― па месцы вучобы!”

Парады парадамі, але, ці прадугледжвае што-небудзь для такой сітуацыі выбарчае заканадаўства? Зноў звяртаемся па дапамогу ў Цэнтрвыбаркам, але гэтым разам у юрыдычны аддзел.

“Калі чалавек не зможа пацвердзіць сваё пражыванне на той момант у родным горадзе, то, вядома, ён там галасаваць не зможа, бо не будзе ўключаны ў спісы. У нас выбаршчыкі ўключаюцца ў спісы па месцы жыхарства альбо месцы знаходжання, калі яно ёсць ў чалавека. Справа ў тым, што аднаго жадання не дастаткова. Выбаршчык уключаецца ў спіс выбаршчыкаў таго ўчастка для галасавання, дзе ён зарэгістраваны. Калі ён не зарэгістраваны, напрыклад, у Брэсце, то яго няма там у спісах. Як ён тады там прагаласуе?” ― расчароўваюць “іншагародняга студэнта” ў юрыдычным аддзеле ЦВК.

Спрабуем знайсці выйсце з праблемы ў “родных гарадах” нашага гіпатэтычнага студэнта. Тэлефануем у розныя тэрытарыяльныя камісіі і паўсюль прадстаўляемся мясцовым жыхаром, які навучаецца ў Мінску і пражывае там ў інтэрнаце. Магу я ў дзень выбараў прагаласаваць дома? 

“Такой магчымасці няма ― цяпер усё вельмі строга. У вас там часовая рэгістрацыя, таму там і галасуйце. Калі ласка: галасуйце ў Мінску. Нашы студэнты (у Брэсце, ― Еўрарадыё) таксама галасуюць датэрмінова, а на выхадных паедуць дадому. Не трэба ствараць праблем! Усё дакладна ў нашым выбарчым кодэксе прапісана: у вас часовая рэгістрацыя, значыцца, там і павінны галасаваць…” ― кажуць нам у тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Ленінскага раёна Брэста.

Параілі “брастаўчаніну” скарыстацца датэрміновым галасаваннем і ў камісіі Маскоўскага раёна абласнога цэнтра. У Пінску першапачаткова таксама чуем такую самую прапанову, аднак нечакана член мясцовай камісіі ўсё ж такі знаходзіць для нас вырашэнне праблемы:

“Значыцца, выкрэслівайце сябе са спісу там, дзе Вы галасуеце, і прыязджаеце сюды (у Пінск, ― Еўрарадыё). Тут Вас унясуць у дадатковы спіс. Падыдзіце і скажыце сваёй камісіі (у Мінску, ― Еўрарадыё), папрасіце іх, я думаю, яны пойдуць насустрач. Я ж не думаю, што нехта прымушае вас галасаваць там датэрмінова…”

У раённых камісіях Івацэвічаў і Кобрына іншых варыянтаў для "іншагародняга студэнта” не знаходзяць апроч датэрміновага галасавання ў горадзе навучання. Аднак пасля ўдакладняльнага пытання пра магчымасць выкрасліцца са спісу адной камісіі і запісацца ў спіс іншай, раптоўна пагаджаюцца, што так зрабіць можна.

І толькі сябра камісіі з Баранавічаў нават не прапануе нам прагаласаваць датэрмінова і адразу прапануе выкрасліцца са спісу выбаршчыкаў па месцы рэгістрацыі. Па словах мужчыны, грамадзянін можа зрабіць гэта нават дыстанцыйна:

“Гэта ваша права, вы маеце такую магчымасць. Адзінае, што ў Вас папросяць нумар тэлефона той камісіі, дзе вы мусілі галасаваць у Мінску. Прадстаўнікі камісіі патэлефануюць у Мінск, каб ваш бюлетэнь паўторна не выкарыстоўваўся. Такая практыка ёсць! Сёння вось тэлефанавалі з Оршы, папярэдзілі, што “ваш чалавек” прагаласаваў… У Вас усё пройдзе “на ура”, калі загадзя даведаецеся нумар”.

Як бачым, іншагародні студэнт усё ж такі можа вярнуцца дадому і прагаласаваць там у дзень выбараў. Праўда, каб даведацца пра такую магчымасць, трэба зрабіць далёка не адно тэлефанаванне.

Вырашаем звярнуцца ўсё з тым жа пытаннем, але гэтым разам не да падначаленых Лідзіі Ярмошынай, старшыні ЦВК. Эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер так каментуе Еўрарадыё жаданне “нашага студэнта” прагаласаваць дома:

“Магчымасць стоадсоткавая, бо студэнт, які зарэгістраваны па месцы жыхарства, адназначна ўносіцца ў спіс выбаршчыкаў. Ён будзе выключаны з гэтага спісу толькі ў тым выпадку, калі пры праверцы спісаў выбаршчыкаў бацькі скажуць, што ён тут цяпер не жыве і будзе галасаваць у Мінску. Тады яго не ўключаць у спісы”.

Па словах Сяргея Альфера, прагаласаваць іншагародняму студэнту ў родным горадзе яшчэ прасцей, чым раілі некаторыя з членаў камісіі.

“Тут акурат ёсць стоадсоткавая верагоднасць таго, што чалавек прагаласуе двойчы. Іх (іншагародніх студэнтаў, ― Еўрарадыё) не так шмат ― некалькі гадоў таму Ярмошына казала, што іх каля 3 тысяч. Чалавек можа прагаласаваць двойчы, і гэта ў заканадаўстве прапісана".

На думку эксперта, адзіны спосаб, каб пазбегнуць гэтага недахопу, стварыць нармальны рэестр выбаршчыкаў, як гэта зроблена, напрыклад, у Польшчы. Сяргей Альфер кажа, што, дзякуючы такой базе дадзеных, у суседняй краіне адсутнічае нават тэарэтычная магчымасць прагаласаваць паўторна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі