Чыноўнікі: “Тэма “Табакерак” ужо аскому набіла! Колькі можна?!”

Чыноўнікі: “Тэма “Табакерак” ужо аскому набіла! Колькі можна?!”

У вёсцы Гародзькі Валожынскага раёна на цэнтральным скрыжаванні паставілі тытунёвы кіёск “Табакерка”. Пачуўшы пытанне журналіста Еўрарадыё, навошта тытунёвы кіёск у маленькім аграгарадку, з мясцовага сельсавета нас перанакіравалі ў раённы выканкам. А там, відаць па ўсім, не ўпершыню прыходзіцца апраўдваць устаноўку “Табакерак”. “Тэма “Табакерак” ужо аскому набіла! Колькі можна?!” — узрушылася намесніца старшыні райвыканкама Іна Сакалоўская.

Як распавёў Еўрарадыё мясцовы жыхар карыстальнік Фэйсбука Verasen Belarus, нядаўна ў аграгарадку закрылі краму з прамысловымі таварамі.

“Ва ўсіх іншых вёсках крамы пазакрываліся, — распавёў Еўрарадыё Verasen Belarus. — Днямі “Табакерку” толькі прывезлі. Я па карце глядзеў: каля 500 метраў да школы. Адбываецца прапаганда палення цыгарэт. Стаіць гэтая штука, якую бачаць дзеці і ўсе іншыя. І так усе паляць, а яшчэ і “Табакерка”.

Сельсавет: у нас усё ёсць, прыязджайце і паглядзіце, якое багацце прадуктаў

У Гародзькаўскім сельсавеце Еўрарадыё распавялі, што не прымалі рашэння прывезці ў вёску тытунёвы кіёск.

— Ён яшчэ не працуе, — адказала кіраўніца спраў сельсавета Ала Сівец. — У аграгарадку працуе дзве крамы. Там ёсць і прадукты, і прамысловыя тавары. Мы ўсім неабходным забяспечаны. Усё, што трэба купіць, мы можам.

 — А навошта “Табакерка”?

 — Калі ласка, у аддзел эканомікі Валожынскага райвыканкама тэлефануйце. У нас ёсць падрыхтаванае рашэнне, што дазволена ўсталяваць “Табакерку”. Прыязджайце і паглядзіце, якое багацце прадуктаў, асабліва ў прыватнай краме. І спіртных напояў, і вады, і прамысловых (хоць і няшмат), але ўсё неабходнае ёсць. І рынак у нас у сераду працуе.   

У сельсавеце дадалі, што цыгарэты, як і іншыя прадукты, можна было купіць у вясковых крамах і раней.

“Акрамя тытуню, там будуць прадавацца іншыя спадарожныя тавары”

У Валожынскім райвыканкаме Еўрарадыё распавялі, што кіёск “Табакерка” гэта звычайны гандлёвы аб’ект, які створыць дадатковае працоўнае месца.

“Акрамя тытуню, там будуць прадавацца іншыя спадарожныя тавары: гарбата, кава, спецыі, соль, цукар, уксус, неалкагольныя напоі, — адказала намесніца старшыні райвыканкама Іна Сакалоўская. — Але гэта не значыць, што так павінна быць. Так зарэгістравана. Звычайны гандлёвы аб’ект, дзе тытунь не на вітрынах. Ну назва “Табакерка”. Тэма “Табакерак” ужо аскому набіла! Колькі можна?!”

Чыноўніца не бачыць праблемы “ў тым, што адкрыўся невялічкі кіёск”: “Плюс яшчэ адно працоўнае месца ў аграгарадку. Не думаю, што іншыя гандлёвыя аб’екты моцна пацерпяць праз “Табакерку”.

Ажыятажу, які апошнім часам з’яўляецца вакол усталявання тытунёвых аб'ектаў, у райвыканкаме не разумеюць:

— Адкрываюцца фірмовыя крамы “Мінск-Крышталь”, і такога ажыятажу няма. Чаму “Табакерка” адрозніваецца ад “Мінск-Крышталю”, што горш — гэта вечнае пытанне, — кажа намесніца старшыні райвыканкама. — Для мяне гэта гандлёвы аб’ект і працоўнае месца.

 — А праўда, што за два крокі ад школы “Табакерка” стаіць?

 — Ведаеце… за два крокі. Я не вымярала. Для кожнага гэта суб’ектыўнае меркаванне: блізка ці далёка. Школа ў любым выпадку знаходзіцца ў гэтым населеным пункце. Некаму блізка, некаму далёка. Гэта не мінскія адлегласці.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі