Чым і як узброеныя кіеўскія рэвалюцыянеры (фота, відэа)

“Нават на ахову стратэгічных аб’ектаў не выдзелена неабходных аддзелаў. Вось, напрыклад, Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці. Там ёсць пакой, адкуль кіруюць усімі атамнымі аб’ектамі на тэрыторыі краіны. Яго павінны ахоўваць байцы спецаддзела “Альфа”. А іх там няма! Чаму? Таму што яны цяпер ахоўваюць рэзідэнцыю Януковіча ў Міжгор’і”, — упэўнена расказвае журналістам баец радыкальнай арганізацыі “Спільна справа” (у перакладзе “Супольная справа”).

Пра сітуацыю з аховай Міністэрства энергетыкі хлопец у масцы ведае не па чутках — дзень таму ён разам з паплечнікамі за некалькі хвілін захоплівае пакой кіравання атамнымі станцыямі. А яшчэ праз дзень — Міністэрства юстыцыі. Часовы штаб арганізацыі размяшчаецца яшчэ ў адным міністэрстве — аграрнай палітыкі. Групоўкай кіруе Аляксандр Данілюк, колькасць яе сяброў і сродкі фінансавання не раскрываюцца.

У будынку міністэрства, куды прыходжу на сустрэчу з рэвалюцыянерамі, раскіданыя біты, спартовая амуніцыя для абароны цела ад удараў і шлемы з каскамі. Зброі нідзе не відаць, хоць актывісты “Спільнай справы” пастаянна пра яе гавораць. А пра захоп будынка можна казаць толькі вельмі ўмоўна — рэвалюцыянераў тут зусім няшмат.

Яшчэ адна радыкальная арганізацыя, сябры якой захопліваюць лідарства на Майдане, — “Правы сектар”. Гэта нефармальная экстрэмісцкая групоўка без адзінага цэнтра і лідара. Дзейнасць мноства дробных груп каардынуецца праз сацсеткі. Прыкладная колькасць актыўных удзельнікаў пратэстаў — каля 400-500 чалавек. Міністэрстваў і будынкаў актывісты “Правага сектара” не захопліваюць, але гэта яны першымі пачалі закідваць “Беркут” “кактэйлямі Молатава” 19 студзеня і працягваюць рабіць гэта цяпер.

Радыкалы ў Кіеве актыўна ўзбройваюцца. Агнястрэльнай зброі на Майдане і вуліцы Грушэўскага не бачна (хоць за некалькі дзён шмат чую пра яе наяўнасць), але халоднай — процьма. І гэта самая вялікая перамена, якую тут заўважаю. Калі яшчэ месяц таму Майдан быў больш падобны на вялікі і вясёлы карнавал з Януковічам у ролі д’ябла, то цяпер тут амаль перасталі спяваць гімн Украіны, а замест гэтага ўзяліся за вілы ў прамым сэнсе гэтага слова.

Найбольш папулярная зброя — драўляныя дубіны, металічныя трубы, самаробныя і фабрычныя бейсбольныя біты. Ад куль і ўдараў па галаве рэвалюцыянеры ратуюцца будаўнічымі і салдацкімі каскамі, разнастайнымі спартовымі шлемамі. На руках і нагах — шчыткі, накаленнікі, налакотнікі. Некаторыя чапляюць на цела паверх вопраткі бляшаныя пласціны. Шмат “трафеяў” — міліцэйскіх шчытоў, гумовых дубінак, шлемаў.

Побач з Майданам ёсць адмысловая пляцоўка для трэніровак — тут рэвалюцыянеры вучацца правільна кідаць камянямі ў міліцыю, а таксама хадзіць строем, абараняцца ад дубінак шчытамі. Выглядае гэта часам камічна, але мілітарызацыя навідавоку. Хоць у сілавы сцэнар разгону радыкалы не вераць. Адзін з іх гаворыць, што хоча паглядзець, як улада паспрабуе расстраляць 100 тысяч чалавек.

“Які можа быць сілавы сцэнар? У нас у цэнтры горада 50 тысяч чалавек. А праз дзве гадзіны будзе 100 тысяч. Яны будуць іх расстрэльваць? Мы хочам на гэта паглядзець!”

За два месяцы пратэстаў на Майдане склаўся моцны касцяк радыкалаў, якія фактычна перасталі падпарадкоўвацца апазіцыі і дзейнічаюць згодна са сваімі поглядамі і перакананнямі. Эксперты ацэньваюць іх колькасць прыкладна ў тысячу чалавек. Гэта значна менш, чым колькасць таго ж “Беркута” — каля 4 тысяч байцоў ва ўсёй Украіне. Але дастаткова для самых радыкальных дзеянняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі