Вы тут

Чэшская спявачка памерла пасля таго, як наўмысна заразілася COVID-19

Гана Горка / Facebook

Чэшская фолк-спявачка, вакалістка гурта Asonance Гана Горка памерла пасля таго, як наўмысна заразілася COVID-19. Ёй было 57 гадоў. Як піша The Guardian, Горка планавала пасля выздараўлення атрымаць кавід-пропуск, які дае права ў Чэхіі наведваць грамадскія ўстановы — кінатэатры, бары, кавярні. Вакцынацыю ад каранавіруса яна не праходзіла.

Сын спявачкі распавядае, што ў канцы мінулага года заразіліся каранавірусам ён і яго бацька (яны былі вакцынаваныя). Маці не пайшла на самаізаляцыю, заставалася з імі побач.

За два дні да смерці Гана Горка напісала ў сацсетках, што "выжыла" і марыць пра паходы ў тэатр, лазню, на канцэрт ці пра паездку на мора. І нават выйшла на вуліцу — думала, што ўжо ачуняла. Аднак, калі вярнулася дахаты, раптоўна стан яе здароўя пагоршыўся і яна задыхнулася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.