Чаму эксперты не прадбачылі рэвалюцыі ў Кіеве?

“Я хутчэй прытрымліваюся таго меркавання, што рэвалюцыя заўсёды адбываецца нечакана. Мусіць быць момант нечаканасці, калі большасць палітыкаў і аналітыкаў нічога не прадбачаць”, — мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

І дадае, што калі б Януковіч ведаў, чым абернецца супрацьстаянне, то абавязкова падрыхтаваўся б да горшага і не дапусціў бы змены ўлады.

Трагічнай развязкі Майдана і паспешлівых уцёкаў прэзідэнта Януковіча насамрэч не прагназаваў ніхто. Максімум, пра што гаварылі эксперты, — выхад сітуацыі з-пад кантролю. Беларускі аналітык Дзяніс Мельянцоў расказваў аб гэтым у эфіры радыё “Свабода” ў канцы студзеня.

“Зацягванне прыводзіць да таго, што або імпэт Майдану змяншаецца, або на першы план выходзяць радыкалы, якія не давяраюць апазіцыі і дзейнічаюць без каардынацыі з кіраўнікамі апазіцыі. Тут вельмі вялікая імавернасць таго, што сітуацыя выйдзе з-пад кантролю”.

Не прадбачылі хуткай змены ўлады і ўкраінскія палітолагі. Кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў Уладзімір Фясенка на пачатку студзеня гаворыць у інтэрв’ю, што Майдан будзе стаяць вельмі доўга — да самых прэзідэнцкіх выбараў.

“І ў любым выпадку палітычны крызіс, можа быць, у іншых формах, будзе доўжыцца аж да прэзідэнцкіх выбараў. Справа не ў тым, ці захаваецца Майдан у цяперашнім выглядзе ў цэнтры Кіева. Можа і не захаваецца, але напружанне палітычнае, якое ўзнікла ў снежні, яно захаваецца ў тых ці іншых формах да прэзідэнцкіх выбараў. Так ці інакш, але канфлікт адновіцца падчас прэзідэнцкай кампаніі”.

Андрэй Казакевіч на пачатку студзеня таксама быў вельмі асцярожны ў прагнозах развіцця сітуацыі ва Украіне. Гаварыў нават, што сур’ёзных зменаў Майдан у хуткім часе не прынясе.

“Мне падаецца, што адразу сур’ёзных вынікаў цяжка чакаць. Хутчэй за ўсё, мы ўбачым істотную мабілізацыю апазіцыі, у якой, прынамсі, зараз з’явіўся канкрэтны праціўнік. Натуральна, што бліжэйшыя выбары ва Украіне будуць скарыстаныя для заваявання ўлады”.

Цяпер палітолаг гаворыць, што памылкі ў прагнозах наконт сітуацыі ва Украіне можна патлумачыць тым, што прадбачыць рост радыкалізму ў пратэстоўцаў было проста немагчыма.

“Мне падаецца, што ніхто не мог дакладна ацаніць пратэстную энергію ў грамадстве. Калі прагледзець аналітыку з пачатку пратэстаў, ацэнкі палітыкаў — яны не ацэньвалі пратэсты так востра. Ніхто не думаў, што людзі будуць так радыкальна настроеныя, мець столькі нянавісці”.

Выбары новага, ужо пятага па ліку, прэзідэнта Украіны плануецца правесці 25 мая. Відаць, іх вынікі зараз не рызыкне прадказаць ніхто.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Фота з архіву