Вы тут

Цана на газ у Еўропе зноў абнавіла максімум

Папярэдняя рэкордная цана на газ пратрымалася ўсяго некалькі дзён / gazprom.ru​

Цана на газ у Еўропе зноў абнавіла максімум. На адкрыцці таргоў 5 кастрычніка цана на гэты від паліва дасягнула, паводле дадзеных біржы ICE, амаль $1250 за 1 тысячу кубаметраў.

Папярэдні рэкорд пратрымаўся ўсяго некалькі дзён. У пятніцу ф'ючарсы гандляваліся на ўзроўні амаль $1200 за 1 тысячу кубоў. Аднак затым цана знізілася. На гэта паўплывала навіна аб тым, што Дацкае энергетычнае агенцтва ухваліла пачатак тэставання першай ніткі газаправода "Паўночны паток — 2". Менш чым за гадзіну каціроўкі лістападаўскага ф'ючарса ўпалі амаль на $70, да $1124 за тысячу кубаметраў.

Рост цэн на газ у Еўропе можа быць звязаны з моцным адставаннем у запампоўцы газу ў падземныя газасховішчы ў гэтых краінах. Такое меркаванне раней выказваў старшыня праўлення "Газпрама" Аляксей Мілер, нагадвае ТАСС.

Беларусь цяпер плаціць за газ $128,5 за тысячу кубоў. Такая ж цана захаваецца і на наступны год. Акрамя таго, у перспектыве Расія і Беларусь плануюць да 1 снежня 2023 года падпісаць дамову аб стварэнні аб'яднанага рынку газу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.