Вы тут

Бюджэтнікам гэта не спадабаецца: якой будзе бітва за бюджэт у 2022 годзе

Адно з самых вострых пытанняў 2022 года: дзе знайсці грошы? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У Мінфіна з'явіліся грошы, якія дазволілі ўдвая скараціць дэфіцыт бюджэту і часова падтрымаць банкі. Аднак хутка прыйдзецца выбіраць. Скарачаць выдаткі бюджэту і атрымаць сацыяльныя шокі або павялічваць дэфіцыт і браць яшчэ больш даўгоў.

Еўрарадыё даведалася, адкуль у Мінфіна з'явіліся грошы і чаму ў наступным годзе праблемы бюджэту балюча ўдараць па эканоміцы і бюджэтніках.

Не надрукавалі, а нагандлявалі

Замест запланаванага дэфіцыту бюджэту ў 6 млрд рублёў Мінфін прагназуе 3 млрд рублёў да канца 2021 года. У той жа час органы дзяржкіравання паклалі ў банкі больш за 1,6 млрд рублёў у кастрычніку.

Гэтыя рэчы звязаныя, лічыць старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. Так адбылося за кошт узрослых даходаў бюджэту ў другім і трэцім квартале. А выдаткі ўлады не павялічвалі так жа хутка, як раслі даходы.

За кошт знешняга гандлю фінансы Беларусі лепшыя за прагнозы пачатку года / Еўрарадыё

— Склаўся прафіцыт бюджэту па выніках трэцяга квартала — каля мільярда рублёў. Плюс паступленне квартальных падаткаў у кастрычніку. Адсюль у Мінфіна сабралася досыць сур'ёзная сума, — распавядае Дзмітрый Крук.

Звычайна Мінфін размяшчае гэтыя грошы на казначэйскім рахунку ў Нацбанку. Цяпер яны патрапілі на дэпазіты ў камерцыйныя банкі. Гэта можа быць звязана з тым, што ў банкаў да нядаўняга часу былі праблемы з ліквіднасцю і Мінфін вырашыў іх падтрымаць.

— Альбо для таго, каб падштурхнуць крэдытаванне і запусціць "новы інвестыцыйны цыкл", урад наяўныя запасы згружае на рахункі ў банкі. То-бок папаўняе пасіўную частку балансу банкаў. З верагоднасцю 99% гэта ідзе ў дзяржбанкі.

Цяпер гэта добрае падсілкоўванне для банкаў, але, паколькі бюджэт усё роўна дэфіцытны, грошы Мінфіна будуць сыходзіць адтуль.

Такія паводзіны ўладаў паказваюць на тое, што сітуацыя ў бюджэце лепшая, чым прагназавалася. Даходы павялічыліся за кошт "знешнегандлёвага цуду". Бо прадпрыемствы больш зараблялі, значыць, плацілі больш падаткаў.

Падзенне эканомікі і сацыяльны шок

Скарачэнне дзяржвыдаткаў дрэнна адаб'ецца на ўзроўні жыцця людзей / unsplash.com

Бітва за бюджэт пераносіцца на 2022 год. І гэта адна з самых балючых кропак для эканомікі.

— Падстаў для турботы вельмі шмат з-за выпадзення значнай часткі даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці ў параўнанні з папярэднімі гадамі.

Гэта звязана не толькі з санкцыямі, але і з расійскім падатковым манеўрам. Беларускія ўлады ацэньвалі страты ад яго ў $10 млрд за 2019-2024 гады.

— Адбыўся сур'ёзны негатыўны шок у плане скарачэння даходнай часткі бюджэту. Узнікае пытанне, што рабіць з выдаткамі. Можна іх зрэзаць прапарцыянальна атрымліваемым даходам, каб бюджэт быў бездэфіцытны. Адпаведна, не прыйдзецца павялічваць дзярждоўг для фінансавання дэфіцыту бюджэту.

На пагашэнне дзярждоўгу пастаянна даводзіцца зноў займаць / Еўрарадыё

Праблема гэтага плана ў тым, што ён мае на ўвазе рост ВУП. Значыць, даходы бюджэту няхай не моцна, але ўсё ж павінны расці.

— Тут з рэальнасцю можа паўстаць канфлікт. Акрамя санкцый у наступным годзе шмат іншых пагроз. Эканоміку можа вынесці на рэцэсійную траекторыю. Я разглядаю гэта як асноўны сцэнар.

Пакуль афіцыйна не зацверджана, але на наступны год плануецца рост ВУП больш за два працэнты. У мяне вельмі вялікія сумневы, што ўдасца эфектыўна ўхіляцца ад санкцый, каб эканоміку сапраўды вывесці на траекторыю росту.

Зрэзаць выдаткі рэальней, чым пазычыць на падтрыманне дэфіцыту

Праблему бюджэту пагаршаюць вялікія выдаткі на выплаты і абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці ў 2022-2023 гг. У 2023 годзе прыходзіць тэрмін выплат па еўрабондах — $800 млн.

Калі дынаміка ВУП пойдзе па рэцэсіённай траекторыі, унутраны фіскальны імпульс будзе пад яшчэ большай пагрозай. У найбліжэйшыя два гады гэта вельмі важная рэч, і стан бюджэту — адзін з галоўных паказчыкаў, які будзе прадвызначаць эканамічную дынаміку.

Эканаміст дапускае, што для выплаты даўгоў улады выдаткуюць частку золатавалютных рэзерваў, але невялікую.

— Сумняваюся, што сур'ёзна залезуць у ЗВР. Рэфінансаванне доўгу — гэта што ўлады хацелі б атрымаць.

Зараз у Нацбанку $8,5 млрд золатавалютных рэзерваў / Еўрарадыё

Праблема ў тым, што заняць на пагашэнне старых даўгоў і нарошчванне дэфіцыту практычна няма ў каго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.