Брэсцкая пракуратура не распачала справу аб фальсіфікацыі на выбарах

Брэсцкая пракуратура не распачала справу аб фальсіфікацыі на выбарах

Брэсцкая гарадская пракуратура не стала распачынаць справу аб фальсіфікацыі на выбарах. Нагадаем, што назіральнікі ад Руху "За Свабоду" Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка 12 кастрычніка накіравалі адпаведныя заявы ў пракуратуру.

Падчас датэрміновага галасавання выбаршчыкі ў Брэсце прыйшлі на ўчасткі, але замест бюлетэня апускалі ў скрыню чыстыя аркушы паперы. Бюлетэні яны забіралі з сабой. Такім чынам, у скрыні для датэрміновага галасавання мусілі быць некалькі чыстых аркушаў.

Аднак на ўчастках №53 і №60 аркушы паперы былі замененыя запоўненымі бюлетэнямі. Па словах назіральніка Дзяніса Турчаняка, гэта даказвае, што скрыня для датэрміновага галасавання ўскрывалася.

"Па двух фактах была напісана заява аб распачынанні крымінальнай справы па артыкуле 192 крымінальнага кодэксу за падробку дакументаў, звязаных з выбарамі і загадзя няправільны падлік галасоў. Сапраўдныя бюлетэні зараз знаходзяцца ў нас, а там (на выбарчых участках — Еўрарадыё) былі бюлетэні фальшывыя, з галасамі, адданымі за нейкага кандыдата", — распавядае Дзяніс Турчаняк.

Аднак пракуратура не стала разглядаць заяву назіральнікаў і перанакіравала яе ў тэрытарыяльную выбарчую камісію. 16 кастрычніка Дзяніс Турчаняк атрымаў адтуль адказ, дзе паведамляецца, што выбары на ўчастку, дзе ён быў назіральнікам, адбыліся ў адпаведнасці з нормамі Выбарчага кодэксу.

Як паведаміў Еўрарадыё Дзяніс Турчаняк, абскаржваць адказ раённай камісіі ў Брэсцкай абласной камісіі ён не збіраецца. Актывіст будзе звяртацца ў пракуратуру Брэсцкай вобласці. Па яго словах, гарадская пракуратура парушыла Крымінальна-працэсуальны кодэкс, бо замест правядзення крымінальнай праверкі перанакіравала зварот у некампетэнтны для гэтага орган — тэрытарыяльную выбарчую камісію Маскоўскага раёна Брэста.

Фота: REUTERS, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі