Вы тут

Больш не хутка і не смачна. Могілкі культавых кіёскаў у Мінску

Фота: Еўрарадыё

У сакавіку 2018 года ў Мінску закрыліся апошнія кіёскі "Хутка-смачна". Павільёны сеткі, дзе раней можна было пакаштаваць хот-дог, “Златку” і “Хадун вясковы”, пачалі прыбіраць з вуліц сталіцы яшчэ год таму. А на месцы апошніх з Магікан — самых сучасных міні-кавярняў “Хутка-смачна” — адкрываюцца модныя цяпер шаўрмічныя.

Еўрарадыё адшукала месца, куды звезлі некалькі старых кіёскаў. Шэраг пабітых жыццём міні-кавярняў стаіць уздоўж завулка Казлова ў Мінску. З імі звязана столькі ўспамінаў! Глядзіш — і сэрца сціскаецца:

На падыходзе да кіёскаў — яшчэ адзін ветэран, якога жыццё выкінула на збочыну:

Шмат у якіх кіёсках захаваліся шыбы. Памятаеце такія абвесткі?

Праз такія вакенцы супрацоўніцы “Хутка-смачна” бачылі свет:

У некалькіх кіёсках нехта начуе, іншыя ператвораныя ў прыбіральні. У адным з іх мы акрамя лайна знайшлі напамін пра тое, што міні-кавярні працавалі 24 гадзіны на суткі. Калісьці яны былі адзіным месцам, акрамя нешматлікіх кругласутачных крамаў, дзе ўночы можна было набыць алкаголь.

Кіоскі “Хутка-смачна” з’явіліся ў Мінску ў сярэдзіне 1990-х. Спярша яны гандлявалі толькі хот-догамі — прадавачкі разагравалі булкі на адмысловых штырах, а сасіскі бралі са звычайных рондаляў. Увесь кетчуп у такіх хот-догаў звычайна заставаўся ўнізе — калі сасіска заканчвалася, яе даводзілася заядаць булкай з кетчупам.

Пасля асартымент пашырыўся — у “Хадуне” замест сасіскі была пальцам піханая каўбаска, а “Златка” была пародыяй на кавалачак піцы. Але гэта “Піца лісіца” і Domino’s тады ў Мінску не працавалі — таму гэта была адзіная і па сумяшчальніцтве самая смачная піца дзяцінства.

Сышла эпоха!