Бізнесу дазволілі падымаць кошты на імпартныя тавары

Міністэрства гандлю дало тлумачэнні бізнесу наконт механізму фармавання коштаў на імпартныя тавары. Як распавяла ў інтэрв’ю naviny.by намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч, рэкамендаваныя правілы ўсталявання цэнаў былі апублікаваныя Мінгандлю і Мінэканомікі 15 студзеня.

Згодна з рэкамендацыямі, на імпартаваныя тавары, набытыя пасля 18 снежня 2014 года, дапускаецца павелічэнне адпускной цаны не болей чым на адсотак змянення курса беларускага рубля да курса валюты дамовы на дату пастаноўкі на ўлік, зменшанага на 5%.

Напрыклад, калі імпарцёр прывёз тавар 19 студзеня, калі афіцыйна каштаваў долар 14 880 рублёў, а папярэдняя пастаўка тавару была здзейсненая 1 студзеня, калі афіцыйны курс быў 11 900, то імпарцёр можа павысіць адпускную цану на тавар не болей як на 23,75%. Калі ж часавая разбежка паміж новая і папярэдняй пастаўкамі складае ўсяго пару дзён, то і адпускная цана можа быць падвышаная на меншы адсотак.  

Пры гэтым рэнтабельнасць продажаў павінна складаць не болей за 3%. Абмежаванні па рэнтабельнасці ўведзеныя дзеля таго, каб імпарцёры не імкнуліся працаваць па максімуме, выстаўляючы гранічныя кошты і дадатковыя рызыкі, патлумачыў начальнік упраўлення эканомікі і фінансаў Мінгандлю Павел Філіпаў.
 
Вытворцы павінны прымяняць такі самы механізм коштаўтварэння, як і імпарцёры, але адпускная цана на тавар можа павялічвацца толькі ў частцы яе імпартнага складніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі