Аўтар рэкламы: Калі дзеці прачытаюць слова пиз*юк — гэта праблема бацькоў

Правакацыйная сацыяльная рэклама з заклікам не сядаць нецвярозым за руль аўтамабіля, з’явілася на скрыжаванні сталічных вуліц Якуба Коласа і Сурганава.


У кампаніі Bigboard, якая займаецца вонкавай рэкламай, Еўрарадыё запэўніваюць, што гэта былі дзеянні вандалаў.


Прадстаўніца Bigboard: "Гэта дзеянні вандалаў, якія ўжо выпраўленыя".


Еўрарадыё адшукала гэтага “вандала”. Кіраўнік праекта mnenie.by Ягор Дарафееў прызнаецца, што свой нецэнзурны крэатыў яны павесілі без дазволу ўладальніка рэкламнага месца, без узгаднення з Мінгадлем.


Ягор Дарафееў: “Гэта сапраўды мы размясцілі, я ў Мінгадлю ўжо быў — там з гэтай нагоды складаюць пратакол і будуць выпісваць штраф. Мы не хаваліся”.


Маўляў, улады такі надпіс усё роўна б не зацвердзіць, а тое, што ўсё закончыцца штрафам, ведалі ад пачатку. Для юрыдычных асоб штраф ад 3 да 6,5 мільёнаў рублёў. Ягор Дарафееў падлічвае: максімальны штраф у 6,5 мільёна, арэнда крана і выраб плаката агулам абыдуцца ім у 1300 долараў. Прыймальныя грошы за тое, каб прарэкламаваць свой праект.


Ягор Дарафееў: “Я лічу, што забілі паўтара дакладна, а можа, і двух зайцаў: мы крыху і сацыяльнай рэкламы запусцілі, і прарэкламавалі сябе. Той эфект, які мы ўжо атрымалі, мы за гэтыя грошы не атрымалі б. Да прыкладу, на БТ за 1300 мы б не размясціліся. 1300 долараў — гэта расцэнкі на тое, каб два “борды” з вырабам павесіць у горадзе на месяц”.


Але ж ёсць іншы бок у такой рэкламы. Вось рэакцыя на такі бігборд карыстальнікаў сацсетак: “Калі я буду праязджаць побач з такім бігбордам і ў мяне ў машыне будзе дзіця, то ў мяне гарантавана пацікавіцца: “Што такое “сраны пиз*юк”? І я неяк не гатовая да таго, каб гэтае слова з’явілася ў нашым дамашнім лексіконе”.


У адказ Ягор Дарафееў сцвярджае, што праблема не ў іх слогане, а ў… бацьках!


Ягор Дарафееў: “Калі дзіця можа прачытаць гэта слова, то, выбачайце, гэта не наша праблема. Майму сыну 12 гадоў, і я яму паказваў гэты бігборд — ён не здолеў прачытаць гэта слова. Увогуле, я не лічу, што тут трэба баяцца нешта там тлумачыць дзіцяці”.


Суразмоўца Еўрарадыё ўпэўнены, існуючая антыалкагольная рэклама — банальная і нядзейная. Не абавязкова, удакладняе Дарафееў, яна павінна быць такая ж крэатыўная, як прапанаваны ім варыянт, але нешта мяняць у падыходах неабходна. Ягор не адказвае на пытанне, ці будзе і далей піярыцца такім жа партызанска-правакацыйным чынам. Ніякага шкадавання з нагоды зробленага ён не выказвае.

 



Фота — marketing.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі