"Белтэлекам" дасць усім ахвочым 15 хвілінаў бясплатнага Wi-Fi
Кампанія "Белтэлекам" запускае партал самаабслугоўвання на сетцы Wi-Fi. Як паведамляе сайт кампаніі, доступ у інтэрнэт можна будзе купіць праз банкаўскую картку, а таксама атрымаць бясплатна.
Бясплатны доступ будзе вельмі абмежаваным — 15 хвілінаў на суткі. Каб атрымаць рэквізіты бясплатнага доступу ў Інтэрнэт, карыстальніку трэба будзе ўвесці нумар мабільнага тэлефона і выбраць час доступу — 15 хвілінаў. На ўказаны нумар ён атрымае SMS з лагінам і паролем, а таксама спасылкай для аўтарызацыі.
Падключэнне да паслугі адбываецца наступным чынам:
1. Абанент падключаецца да сеткі Wi-Fi з імем "BELTELECOM" (ніякая іншая не падыходзіць).
2. Пасля падлучэння да сеткі абанент аўтаматычна трапляе на старонку аўтарызацыі (гл. ілюстрацыю вышэй). Калі старонка аўтарызацыі не адчыняецца аўтаматычна, дык трэба запусціць браўзэр і адчыніць любую старонку. Пасля гэтага карыстальніка аўтаматычны перанакіруюць на партал аўтарызацыі.
3. На старонцы карыстальнік выбірае неабходную колькасць хвілін, уводзіць нумар тэлефона і, пры неабходнасці, рэквізіты банкаўскай карты.
4. Праз SMS карыстальнік атрымоўвае лагін і пароль для карыстання інтэрнэтам.