"Белавія" не плануе адмяняць рэйсы ў Шарм-эль-Шэйх

"Белавія" не плануе адмяняць рэйсы ў Шарм-эль-Шэйх

Вялікабрытанія і Ірландыя прыпынілі ўсе авіярэйсы на Шарм-эль-Шэйх праз, магчыма, недасканалыя меры бяспекі ў егіпецкім аэрапорце. Дагэтуль застаецца верагоднасць таго, што авіякатастрофа расійскага пасажырскага самалёта А321 па-над Сінайскім паўвостравам магла адбыцца праз выкарыстанне выбуховай прылады. Таму ў Егіпет вылецела група брытанскіх экспертаў для ацэнкі сітуацыі ў аэрапорце. Па выніках праверкі будзе прынятае рашэнне пра ўзнаўленне палётаў. Тым часам “Белавія”, якая накіроўвае ў Шарм-эль-Шэйх чартарныя рэйсы, адмаўляцца ад палётаў пакуль не збіраецца.

“У нас пакуль такой інфармацыі ад брытанскіх спецслужбаў няма, — каментуе намеснік дырэктара беларускай авіякампаніі Ігар Чаргінец. — А адмяняць рэйсы праз паведамленні ў СМІ мы не можам. Гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя спецслужбы, "Белавія" не можа вырашаць такія пытанні”.

Нагадаем, што раней егіпецкія СМІ са спасылкай на неназваныя крыніцы ў следчай камісіі паведамлялі, што прычынай катастрофы стаў выбух рухавіка. Крыніцы пры гэтым спаслаліся на дадзеныя расшыфроўкі бартавых самапісцаў авіялайнера. Адна з “чорных скрыняў” была часткова пашкоджаная, на выманне дадзеных з яе спатрэбіцца час.

4 лістапада прадстаўнікі экстрэмісцкай групоўкі “Ісламская дзяржава” ізноў узялі на сябе адказнасць за крушэнне расійскага авіялайнера. У апублікаваным аўдыёзапісе яны сцвярджаюць, што да авіякатастрофы датычнае падраздзяленне ІД “Сінайская правінцыя”.

Вывучэнне аскепкаў на месцы здарэння працягваецца групамі егіпецкіх, расійскіх і еўрапейскіх следчых.

Фота: bonus-travel.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі