Беларусы, якіх судзілі за адмаўленне генацыду, не змогуць стаць гідамі

Экскурсія ў Мінску, ілюстрацыйнае фота

Экскурсія ў Мінску, ілюстрацыйнае фота / belarustut.by

Урад Беларусі ўнёс змены ў пастанову "Пра экскурсійнае абслугоўванне". У прыватнасці, пашыраны шэраг умоў для атрымання акрэдытацыі гіда або экскурсавода. Цяпер у акрэдытацыі адмовяць, калі прэтэндэнт ёсць ці быў фігурантам крымінальнай справы пра адмаўленне генацыду беларускага народа ці пра рэабілітацыю нацызму.

Раней да атэстацыі не дапускалі фізічных асоб, якія прыцягваліся па артыкулах 123 (прапаганда вайны), 293 (масавыя беспарадкі), 341-1 (дэманстрацыя нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі), 342 (удзел у пратэстах), 357 (змова), 361 (заклікі да санкцый), 367-369-1, 369-3 (заклікі да правядзення масавых акцый) і 370 (здзек з дзяржсімвалаў) КК РБ.

Таксама ўведзенае абмежаванне для тых, хто прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў, прадугледжаных у артыкулах 19.8, 19.10, 19.11, 24.22 і 24.23 КаАП. Яны не змогуць прэтэндаваць на акрэдытацыю цягам пяці гадоў. Раней для судзімых па гэтых артыкулах не прадугледжвалася тэрміну дзеяння судзімасці.

Ануляваць пасведчанне экскурсавода і гіда могуць за "грубае парушэнне прафесійных і этычных патрабаванняў". У дакуменце пералічаныя гэтыя "парушэнні". Гаворка пра праявы непавагі да дзяржаўных сімвалаў Беларусі; дапушчэнне падчас правядзення экскурсій "суб'ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў пра Рэспубліку Беларусь"; непрыняцце мер па недапушчэнні з боку турыстаў некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў ці дзеянняў; адсутнасць талерантнасці і такту да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў; падтрыманне непаважлівага стаўлення да службовых асоб дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, уключаючы атэстацыйны орган.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі