Беларусы праз суд аднавілі дазволы на жыхарства ва Украіне

Украінскія дакументы

Украінскія дакументы / immigration.lviv.ua

Ва Украіне беларусы, прызнаныя "пагрозай нацыянальнай бяспецы", праз суд здолелі аднавіць дазволы на жыхарства. Радыё "Свабода" паведамляе пра два такія выпадкі.

У першым выпадку сям'і беларусаў скасавалі дазвол на жыхарства і нават не папярэдзілі. Пра скасаванне дакументаў яны даведаліся пасля таго, як іх затрымалі і склалі адміністрацыйны пратакол аб парушэнні правілаў знаходжання замежнікаў ва Украіне. Суд аштрафаваў іх і забараніў на тры гады наведваць Украіну.

Высветлілася, што дазвол на жыхарства беларусам скасавала Адэскае рэгіянальнае ўпраўленне Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны на падставе "паведамлення" ўкраінца.

Пасьля дадатковага разбору нашым суайчыннікам аднавілі дакументы і скасавалі судовае рашэнне пра пакаранне за парушэнне міграцыйнага заканадаўства.

Яшчэ адна грамадзянка Беларусі, якая жыла ў Хмяльніцкім, засталася без дазволу на часовае жыхарства ва Украіне пасля ліста з аднаго з упраўленняў Службы бяспекі Ўкраіны. Гэтая структура адмаўлялася назваць суду дакладную прычыну такога рашэння, спасылаючыся на "дзяржаўную таямніцу".

Беларуска аспрэчвала ў судзе рашэнні міграцыйнай службы 7 месяцаў. Урэшце суд прызнаў рашэнні міграцыйных органаў супрацьпраўнымі і абавязаў іх паўторна разгледзець заяву беларускі.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны кажуць, што на 31 ліпеня 2023 году на ўліку стаяць 10 472 грамадзяніны Беларусі, якія маюць дазволы на пастаяннае жыхарства, і 7949 — з дазволамі на часовае жыхарства (у 2018 годзе іх было адпаведна 9029 і 2314).

За сем месяцаў 2023 года 13 беларусаў атрымалі адмовы ў афармленні дазволу на пастаяннае жыхарства, 16 — на часовае жыхарства. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі