Вы тут

Беларускія вайскоўцы ўжо не правяраюць аўтамабілі на блокпасце ў Казахстане

Беларускія вайскоўцы ў Казахстане хаваюць свае твары / БЕЛТА

Беларускія вайскоўцы ўжо не правяраюць аўтамабілі на блокпасце ў Казахстане. Раней у прапагандысцкім беларускім відэа можна было пабачыць, як яны спыняюць аўтамабіль і правяраюць дакументы. Як паведамляе "Ваен ТБ", гэтым займаюцца казахстанскія вайскоўцы, а "беларусы здзясняюць прыкрыццё сваіх калег".

Казахі не хаваюць свае твары, у адрозненне ад беларусаў. Беларускі афіцэр сцвярджае ў сюжэце, што чуе ад тых, хто праязджае праз блокпост, "добрыя словы", а яшчэ ім "спрабуюць паказаць нейкі сяброўскі жэст" ці ўсміхаюцца.

У Казахстане знаходзяцца ў складзе "міратворчых сіл АДКБ" беларускія вайскоўцы з 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады. Яны ахоўваюць аэрадром і артылерыйскія склады, здымаюцца для сюжэтаў беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў. Улады Казахстана ўжо анансавалі пачатак 13 студзеня арганізаванага вываду "міратворцаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.