Беларускія навукоўцы выдавалі расійскае абсталяванне за свае распрацоўкі

Беларускія навукоўцы выдавалі расійскае абсталяванне за свае распрацоўкі

Службовыя асобы аднаго з вядучых навуковых інстытутаў Беларусі прыдумалі незаконную схему здабыцця грошай. Яны закуплялі ў Расіі гатовае прамысловае абсталяванне, рабілі яго перамаркіроўку, ды выдавалі за ўласную навуковую распрацоўку. Складаліся фіктыўныя дамовы з прыватнымі арганізацыямі на правядзенне складаных навукова-даследчых работ і пастаўку камплектуючых. Гэта высветлілі супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Больш таго, свае выдуманыя навуковыя распрацоўкі кіраўнікі даследчага інстытута прадалі аднаму з мінскіх прадпрыемстваў (страты былі ацэненыя на суму больш за 53 тысячы рублёў). Неіснуючае абсталяванне навукоўцы патэнтавалі ў дзяржорганах як аб'ект прамысловай уласнасці — "падрывалі аўтарытэт і прэстыж інстытута". Дзеянні службовых асобаў прывялі да крадзяжу бюджэтных сродкаў, якія паступілі ад Міністэрства прамысловасці ў рамках дзяржпраграмы на навукова-даследчую і вопытна-канструктарскую дзейнасць.

Як паведаміў начальнік другога аддзела УБЭЗ ГУУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Макарук, у адносінах службовых асоб інстытута распачалі крымінальную справу, артыкул — "Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі". Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а таксама з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі