Беларускі брыт-рок.


HAIR PEACE SALON

Дастаткова малады беларускі гурт, які афіцыйна выступае з лютага 2006 года. Стыль выканання: брытанскі рок. Называюць сабе брыт-рокерамі, брыт-поперамі, ці увогуле інды-рок-бэндам.

Склад:
Aleh Vial – guitar, lead vocals
Gandibober – bass guitar
Artur Luchkov – drums
Vadim Isaev – guitar, backing vocal
Kanstantin Karmann -- backing vocal, synthesizer


Еўрарадыё: Што чакае людзей 18 лістапада?

Алег, НРS: 18 лістапада ў “Гудвіне” адбудзецца прэзентацыя сінгла Gipsy. А таксама сумеснага спліта з гуртом Jitters. Будуць выступаць такія каманды, як The Black Mail, Open Space, Андрэй Козік і мы. Былы лідэр Jitters, Косця, зараз грае ўжо ў нас.

ЕРБ: Атрымліваецца, што Jitters неяк замарозілі свой праект? Ці неяк плаўна перайшлі да Вас?

НРS: Лепш сказаць, што “ўліліся”. Сам Косця (былы лідэр Jitters) вельмі задаволены тым, што мы граем сумесную музыку. У бліжэйшы час будзем распрацоўваць ягоныя кампазіцыі.

ЕРБ: Як бы ты ахарактарызаваў музыку, якую граюць “Салоны?”

НРS: Нас часцей за ўсё называюць брыт-рокам ці брыт-попам. Ня так даўно мы афармлялі наш MySpace, і самі сабе назвалі indie-pop. Калі наша песня Hover выйшла на ангельскім зборніку Spot Light ON, то нас ахарактаразавалі як intence rock – прагрэсіўны і меладычны, так бы мовіць, новы рок.

ЕРБ: Будучыня беларускай музыкі, на твой погляд, за якім стылем? Ці па-іншаму: наколькі актуальна зараз музыка з прыстаўкамі брыт ці інды?

НРS: У Еўропе такая музыка зараз вельмі актуальная, адпаведна, і ў нас таксама. Ангельская мова ў гэтым працуе не як перашкода, а наадварот, як дапамога, мне падаецца.

ЕРБ: Вы спяваеце па-ангельску з-за чаго? З-за таго, што гэта прыхільнасць да стылю ці нешта іншае?

НРS: Хутчэй за ўсё гэта даніна усей рокавай музыцы, якая была да нас. Дый наогул: ангельская мова – гэта мова рок-н-ролу!


ЕРБ:
Твой ідэальны слухач. Якім ты яго бачыш?

НРS:
Па-першае, гэта файны чалавек. Прычым тут не грае ролю ўзрост. Які, напэўна, цікавіцца ўсім па жыцці. Дый самім жыццём. Які ўмее думаць і слухаць.

ЕРБ: Ці ёсьць у Салонаў нейкі вектар развіцця: па рэгіёнах з канцэртамі ездзіць, ці можа наадварот – у Маскву, Кіеў ці на Захад?

НРS: Як і любыя музыкі, мы імкнемся граць сваю музыку як мага часцей і для большай колькасці людзей. Зараз, напрыклад, мы ўдзельнічаем у конкурсе “Музычны плэй-оф” – гэта адборачны тур на ўдзел у The Global Battle Of The Bands, фінал якога пройдзе ў снежні ў Лондане (гэта не мінская кавярня, а сталіца ўсёй брыт-рок-музыкі, невялічкае мястэчка ў Англіі – рэд.).

На правах рэкламы скажу: у суботу, 17 лістапада, на БТ будзе прамы эфір з конкурсу, дзе можна будзе за нас галасаваць!

ЕРБ:
Скажы, што чакаць ад Салонаў цікавенькага ў нядзелю?

НРS:
Будзем граць па-максімуме песень. Новыя кампазіцыі, магчыма, будуць, якія ўвогуле яшчэ ніхто не чуў. Нейкія трэкі перапрацуем і адыграем па-новаму.

ЕРБ: Алег, пажадай што-небудзь людзям. Што б ты ім сказаў?

НРS:
Будзьце разам! Любіце адзін аднаго і паважайце! Абавязкова слухайце і выслухоўвайце! І тады ўсё будзе добра!

Інтэрв'ю з Андрэем Козікам


АНДРЭЙ КОЗІК

Былы клавішнік ужо легендарнага
беларускага гурта Rosary. На сённяшні дзень
выступае з сольнай праграмай на раяле.
Часцей за ўсё раялю ў клубах няма, таму
выступ Андрэя – гэта прыгожы вакал,
падмацаваны музыкай фартэпіяна.
Што цікава: чалавек грае брыт рок на клавішных! Адзін!
Марыць пра сумесны выступ з аркестрам пад кіраўніцтвам М. Фінберга


Руся: Я цудоўна памятаю цябе па працы ў гурце Rosary. Што здарылася? Чаму гурта такога больш няма, і чаму ты вырашыў заняцца сольнай кар’ерай?

Анедрэй Козік: Так склаліся абставіны, што ўсе ўдзельнікі рэзка сталі занятыя і творчасць неяк не прыносіла жаданых вынікаў. Мы былі проста не запатрабаванымі. Аднак я не магу сказаць, што нашая творчасць спынілася. Мы існуем як праект, таму ў любы момант мы можам сабрацца, запісацца ці адыграць канцэрт.

ЕРБ: Усе музыкі Rosary разышліся па сольных праектах, ці ты адзін толькі?

АК: Наш бас-гітарыст грае ў Порт-Мане, Ваня і Паша ў BEZ BILETA, таму я часова адзін.

ЕРБ: Не напружвае цябе гэта?

АК: Усё будзе развівацца ў нейкі бок, таму я думаю, што буду запрашаць сесіённых музыкаў. Таксама ёсьць вялікае жаданьне пасадзіць струнны квартэт, каб яны падтрымлівалі мяне на сцэне.

ЕРБ: Ты ўжо прыгледзеў каго-небудзь? Можа, аркестр Фінберга?

АК: Не…. Я думаю, што хутчэй за ўсё буду запрашаць студэнтаў з кансерваторыі.

ЕРБ: Скажы, калі ласка, а што за музыку ты граеш зараз? А то я нават не магу патрапіць на твой выступ...

АК: Цяжкавата гэта, у прынцыпе, расказваць пра свой стыль.

ЕРБ: Разумею, усім цяжка. Ну хаця б крыху зарыентаваць людзей. Вось 18 лістапада адбудзецца прэзентацыя альбому гурта Hair Peace Salon. Вось каб людзі, якія завітаюць на гэты канцэрт, ведалі, што яны пачуюць у выкананні Андрэя Козіка?

АК: Будуць песні, якія мы гралі калісьці ў складзе Rosary. У асноўным гэта будуць песні, якія мы так і не выканалі з імі. Таксама будуць тры новыя песні, напісаныя за два тыдні пасля апошняга канцэрту.

ЕРБ: Ты працягваеш спяваць свае песні па-ангельску?

АК: Ну, нібыта так…

ЕРБ: Чаму нібыта?

АК: Насамрэч, стыль музыкі таго патрабуе, бо на рускай і тэкст не атрымліваецца пісаць. Адзінае, што можна сказаць, што на беларускай вось таксама вельмі файна пісаць песні. Тым больш брыт-рок яшчэ па-беларуску ніхто не выконваў.

ЕРБ: А вы ўжо спрабавалі што-небудзь запісаць на роднай мове?

АК: Гэта была песня на словы Багушэвіча. Аднак яна, на жаль, так і не была запісаная.

ЕРБ: Што цябе натхняе, і што табе дазваляе трымацца на плыву? Таму што шмат з тых, хто займаецца музыкай у нашай краіне, вельмі хутка расчароўваюцца тым, што немагчыма граць канцэрты і гэтак далей.

АК: Па-першае, музыка – гэта адзінае, што я ўмею рабіць. Вучуся зараз у Акадэміі музыкі. Аднак, безумоўна, вучоба не дае нармальна займацца музыкай.

ЕРБ: І кім ты будзеш, калі вырасцеш?

АК: Харавым дырыжорам. Дый увогуле, чым бы я ў жыцці ні займаўся, я не магу гэта кінуць фізічна. Я калі жыву некалькі дзён без піяніна, мяне проста пачынае трэсці.

ЕРБ: Я табе шчыра зайздрошчу. Мала ў каго з беларускіх музыкаў ёсць такое.

АК: Мы развівалі гэты стыль, як толькі маглі. Я думаю, што мы яшчэ пакажам, на што мы здольныя, таму што мы гэта ўмеем.

ЕРБ: На тваю думку, які музычны стыль зараз прэваліруе ў маладой беларускай музыцы?

АК: Безумоўна, ідзе папулярызацыя розных стыляў з разбежкай з Захадам гадоў так на пяць. У нейкі час карагодзіў хард-кор, потым на змену прыйшоў брыт-рок. У прынцыпе, зараз гэта і ёсьць мэйнстрым.

ЕРБ: А чаму так адбываецца? Мы ж так далёка ад Брытаніі. Я не магу знайсці заканамернасцей, можа, дапаможаш?

АК: Я гэта прадчуваў, калі былі папулярныя хард-кор-банды, на чарзе стаяў менавіта брыт-рок. Ужо адчувалася, што праз пару год гэта будзе запатрабавана і будзе слухацца.

ЕРБ: Твой музычны густ не падказвае, што будзе наступным?

АК: Будзе нешта паміж электроннай музыкай і рокам. Я б накіраваўся менавіта ў гэтым кірунку. Прычым са змяшэннем абсалютна ўсіх стыляў.

ЕРБ: Ці адчуваеш ты розніцу паміж еўрапейскімі музыкамі і нашымі?

АК: Розніца, у прынцыпе, у свабодзе светаадчування. Магчымасці паўсюль аднолькавыя: калі ты граеш якасную музыку, то заўважаць паўсюль. Адзінае, што з англамоўнай музыкай у нас цяжкавата. Не так заўзята бяруцца за іншамоўную музыку, усё ж такі краіна не англамоўная. А розніца музыкаў у тым, што там яны больш разняволеныя.

ЕРБ: Увогуле ты плануеш заставацца ў гэтай краіне ці – ўзяць сваю музыку і кудысьці рвануць?

АК: Для пачатку я хацеў бы яшчэ дзе-небудзь павучыцца за мяжой пасля кансерваторыі.

ЕРБ: Шмат у каго з беларускіх музыкаў часта паўстае дылема: ці то заставацца ў гэтай краіне, працягваючы нечага дабівацца ў Беларусі, выратоўваючы так званую сучасную культуру, ці то адмовіцца ад усяго і сваліць на Захад тупа зарабляць грошы, напрыклад, мыць посуд. З табой бывае такое?

АК: Наконт падзарабіць грошай – сапраўды здараецца. Аднак адмаўляцца ад музыкі я не збіраюся. Гэтым я збіраюся зарабляць хоць якія грошы ў Беларусі. У нас, безумоўна, гэта вельмі цяжка рабіць. Аднак спадзяюся, што пройдзе нейкі час…

ЕРБ: Шмат хто лічыць, што мастак, дзеля таго, каб тварыць, павінен пастаянна быць галодным…

АК: Можа, у плане кахання і так, аднак трэба пастаянна быць у стане пошуку. Добра, калі не ўсё дрэнна, а так, крышку. Вось гэта добра для таго, каб сесці і напісаць такую крутую штуку, што проста АХ!

ЕРБ: Шчыра дзякую за тое, што прыйшоў да нас у студыю Еўрарадыё, за тваю творчасць. Што пажадаеш нашым слухачам?

АК: Радуйцеся жыццю! Атрымлівайце асалоду!

Фота з фестывалю "Беларускі брыт-рок"






























Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі