Беларускі баец адправіў расіяніна ў накаўт пад песню “Зорачкі” (ФОТА)

Нашы байцы правялі феерычныя паядынкі на чэмпіянаце Еўропы па кікбоксінгу сярод прафесіяналаў. На арэне хакейнага расійскага клуба “Акбарс” беларускія байцы сышліся з рускімі ўрукапашную. Наш чэмпіён у вазе 70 кг Віталь Гуркоў выходзіў у рынг пад песню “Зорачкі”.

Чвэрцьфінальны турнір у версіі TNA прайшоў 26-га траўня ў Казані. Спаборніцтвы маюць статус чэмпіянату Еўропы сярод прафесіяналаў. Сюды насамрэч з’ехаліся знакамітыя байцы з усёй Еўропы. Але да паўфіналу дайшлі наймацнейшыя – галандцы, беларусы і расіяне. З нашых у турніры не ўдзельнічае толькі адзін віп-баец — Забіт Самедаў, які мае кантракт з карпарацыяй К-1. Але і без яго ў Казані беларусы здзейснілі сапраўдны фурор.

Віталь Гуркоў (“Чынук”, Мінск) у другім раўндзе пабіў байца з Ніжняга Ноўгарада Ўладзіміра Шакая. Віталь выходзіў на рынг пад песню “Ляпісаў” “Зорачкі”. За чатыры дні да гэтага бою беларус выйграў чэмпіянат Еўропы ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.



"Хлопцы - малайцы, не пакінулі супернікам шанцаў, - выказаўся Еўрарадыё трэнер з клуба "Чынук" і зборнай Беларусі Дзмітрый Пясецкі. - Віталю Гуркову паспрабавалі даць папярэджанне, маўляў, ён не па правілах нанёс удар каленам саперніку. Суддзі прыдзіраліся, але гэта не выратавала расійскага байца".









Цяжкавагавік Ігар Бугаенка (клуб “Чынук”, Мінск) у чатырох раўндах перамог Абдулхаліка Магамедава з Дагестана. Ігару трошкі не хапіла, каб накаўтаваць саперніка.











Верагодна, Бугаенку у наступным паядынку давядзецца сысціся з расійскім накаўцёрам Аляксандрам Сцецурэнкам, які накаўтаваў у Казані хлопца з Полацка Аляксандра Шлакунова.





Абсалютны чэмпіён свету ў вазе 75 і 80 кілаграмаў беларус Дзмітрый “Шок” Шакута (“СК-55”, Мінск) таксама ў адну “фортку” перамог расіяніна Валянціна Сямёнава. Шакута той самы баксёр, які па тэлебачанні віншаваў беларусаў з апошнім Новым годам па-беларуску. 







Паўфінальныя баі TNA працягнуцца восенню. Там беларусаў будуць чакаць найлепшыя сілы расіянаў. Гэта Арцём Левін па мянушцы “Палач” (накаўтаваў ужо некалькі беларусаў) і 19-гадовы масквіч Уладзімір Мінееў, які заявіў, што ўсіх паб’е і зробіцца чэмпіёнам свету па ўсіх версіях.