Беларуская федэрацыя футбола патлумачыла, чаму з БАТЭ знялі 3 ачкі

Беларуская федэрацыя футбола патлумачыла, чаму з БАТЭ знялі 3 ачкі

Беларуская федэрацыя футбола патлумачыла, чаму БАТЭ было залічана тэхнічнае паражэнне ў матчы са “Слуцкам” ў нацыянальным чэмпіянаце і знятыя 3 ачкі. У пятніцу, 13 кастрычніка, было апублікаванае рашэнне кантрольна-дысцыплінарнага камітэта па “справе Верамко”. Брамнік БАТЭ ў жніўні быў дыскваліфікаваны на пяць матчаў і аштрафаваны на 1150 рублёў. 23 верасня прозвішча Сяргея Верамко трапіла ў заяўку на матч барысаўчан са “Слуцкам”, аднак ён не гуляў, прасядзеў на лаўцы запасных. Неўзабаве выбухнуў скандал: мінскае “Дынама” і “Слуцк” звярнуліся ў БФФ наконт таго, што Верамко несвоечасова заплаціў штраф, а значыць не меў права быць у заяўцы.

Кантрольна-дысцыплінарны камітэт БФФ, разгледзіўшы ўсе дакументы, прыйшоў да высновы, што парушэнне было. Апошні дзень, калі Верамко мусіў заплаціць штраф — гэта 21 верасня. Брамнік жа прыйшоў у банк раніцай 22-га. Паважных прычын, чаму аплата не была зроблена своечасова, ні футбаліст, ні клуб не назвалі. Таму тое, што ў Сяргея Верамко 22 верасня былі памылковыя рэквізіты, ужо не так істотна (на правільныя рэквізіты ён адправіў грошы 27 верасня).

Такім чынам, перагледжаны вынік матчу БАТЭ — “Слуцк”, які барысаўчане выйгралі з лікам 6:0. Перамогу з лікам 3:0 прысудзілі “Слуцку”. Салігорскі “Шахцёр” мае 56 ачкоў, мінскае “Дынама” — 52, у БАТЭ цяпер стала толькі 51 ачко. Таксама футбольны клуб БАТЭ аштрафаваны на 50 базавых велічынь — гэта 1150 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі