Беларускага таэквандзіста адхілілі ад Алімпіяды з-за мельдонія

Беларускага таэквандзіста адхілілі ад Алімпіяды з-за мельдонія

Беларускага таэквандзіста Алана-Маршала Сілу адхілілі ад удзелу у міжнародных спаборніцтвах з-за наяўнасці мельдонія ў яго допінг-пробе. Цяпер 22-гадовы спартсмен фактычна не можа ляцець на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра, у якой разлічваў прыняць удзел. Такое паведамленне размясціла ў Фэйсбуку Беларуская федэрацыя таэквандо (БФТ).  

Рашэнне адхіліць Сілу ад удзелу ў Алімпіядзе прыняло Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва. Лекар каманды Вольга Жарко, сам спартсмен і яго асабісты трэнер Юлія Сухавіцкая “цалкам адмаўляюць ужыванне гэтага прэпарату і далі згоду на праходжанне праверкі з выкарыстаннем паліграфа”, якая адбудзецца 14 жніўня.

Кіраўніцтва федэрацыі ўпэўненае ў невінаватасці спартсмена і сцвярджае, што ён не выкарыстоўваў мельдоній нават тады, калі той не быў забаронены. Пра гэта сведчаць допінг-пробы, узятыя ў студзені, лютым і красавіку гэтага года. БФТ мае намер правесці сваё расследаванне і просіць усіх, хто мае любую інфармацыю па гэтай справе, звярнуцца ў федэрацыю.

“Нам трэба кансалідаваць свае намаганні, каб даць годны адпор непрыяцелям, якія ўсяляк спрабуюць чыніць перашкоды выхаду беларускага таэквандо на Алімп. Іх прозвішчы мы з вамі, на жаль, ведаем…” — сказана ў заяве.

Арман-Маршал Сіла нарадзіўся ў Мінску — яго бацька гвінеец, а маці беларуска. Спартсмен з’яўляецца двухразовым чэмпіёнам Еўропы па таэквандо ў вагавай катэгорыі болей за 87 кг.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі