Вы тут

Паралімпіец Ігар Бокій атрымае ад дзяржавы рэкордныя прызавыя — $320 тыс

Паралімпіец Ігар Бокій атрымае ад дзяржавы рэкордныя прызавыя — 320 тысяч долараў. На гульнях у Рыа плывец пераўзышоў сваё дасягненне Лондана-2012 і заваяваў 6 залатых і 1 бронзавы медаль. Пры гэтым спартсмен абнавіў 2 сусветныя рэкорды і 6 рэкордаў Паралімпіяд.

Беларускія ўлады выплачваюць прызёрам Паралімпійскіх гульняў наступныя ганарары: 50 тысяч долараў за золата, 30 тысяч — за серабро і 20 тысяч за бронзу. Апроч таго, прызёры атрымаюць права на прэзідэнцкія стыпендыі. Ігар Бокій атрымае па 50 тысяч долараў за 6 чэмпіёнскіх тытулаў і 20 тысяч —  за бронзу.

Прызавыя для здаровых атлетаў за медалі на Алімпіядах нашмат перавышаюць паралімпйіскія ганарары — 150 тысяч за золата, 75 тысяч за серабро і 50 тысяч — за бронзу.

Беларусь атрымала на Паралімпіядзе-2016 у Рыа 10 медалёў і заняла 19-е месца ў камандным заліку. Сем узнагародаў мае Ігар Бокій, па адным золаце заваявалі плывец Уладзімір Ізотаў і шпажыст-калясачнік Андрэй Праневіч, у кідальніка кап’я Аляксандра Трыпуця — бронза.