Вы тут

Беларусаў завабліваюць у войска: у ВНУ без іспытаў, інтэрнат і "вялікія грошы"

euroradio.fm

23 жніўня ў Мінску адбыўся круглы стол на тэму "Ваенная арганiзацыя дзяржавы: пытанні эфектыўнага функцыянавання". Прадстаўнікі Мінабароны, МУС і Мінадукацыі расказвалі СМІ, як будуць матываваць беларусаў служыць у войску.

Галоўная "матывацыя" і так вядомая: з 10 жніўня ў Беларусі пачаў дзейнічаць закон "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы" (так званы закон аб адтэрміноўках). Малады чалавек, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту, будзе мець толькі адну адтэрміноўку ад службы ў войску. Пасля заканчэння вучобы ў каледжы або ўніверсітэце працягнуць навучанне можна будзе, толькі аддаўшы доўг Радзіме.

Але паслухаем міністэрскіх чыноўнікаў.

 

Ільготы, ільготы, ільготы (пакуль што ў планах)

 

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч абяцае "служывым" ільготы пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя або вышэйшыя навучальныя ўстановы. 

"Але льготы не арыентаваны на тое, што прайшоў ваенную службу — і паступай, мы цябе чакаем. Не, ёсць дакладныя механізмы. Асобы, якія пройдуць тэрміновую службу, змогуць паступіць нават без уступных экзаменаў (пакуль гэтае пытанне прапрацоўваецца) на востра запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Іх спіс Мінадукацыі ўзгодніць з Мінэканомікі пры належным узроўні паспяховасці на папярэднім узроўні адукацыі". 

 

Па словах чыноўніка, належны ўзровень — гэта адзнакі ў школьным атэстаце, якія не павінны быць ніжэйшымі за пэўную планку. "Гэта можа быць 6, гэта можа быць 7, гэта можа быць 8 — мы яшчэ гэта прапрацоўваем", — кажа Каспяровіч.

А вось пытанне льготнага засялення ў інтэрнат, паводле яго слоў, ужо амаль вырашана з Міністэрствам ЖКГ.

Прадстаўнік Мінадукацыі таксама прапануе плаціць падвышаную стыпендыю і даваць зніжку на аплату вучобы тым, хто пасля войска паступіў на платнае аддзяленне.

 

Ёсць такая прафесія — расказваць добрае пра беларускае войска 

 

Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Уладзімір Макараў раскрытыкаваў дзяржавы з выключна кантрактным войскам.    

"Пяць гадоў таму я напісаў артыкул, спаслаўся на меркаванне былога намесніка міністра Польшчы, які зусім правільна заявіў, што войска, камплектаванае ў Польшчы толькі па кантракце, не зможа забяспечыць абарону дзяржавы, таму што яно арыентаванае на выкананне экспедыцыйных функцый, а абарона Айчыны — справа ўсенародная", — расказаў прэс-сакратар Мінабароны.

 

Па словах Макарава, змешаны прынцып камплектавання войска — браць усіх: і салдат тэрміновай службы, і кантрактнікаў — з'яўляецца найбольш эфектыўным для Беларусі.

"Тыя дзяржавы, якія будуюць сваю сапраўдную незалежнасць, сапраўдны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, забяспечваюць гэта шляхам усенароднай абароны. Гэта датычыцца і такіх нейтральных класічных краін, як Швейцарыя. Так, там крыху іншая сістэма забеспячэння бяспекі. Тым не менш пасля мабілізацыі яе армія становіцца большая за армію Кітая. Я ўжо не кажу пра Ізраіль, дзе армія фарміруецца ў тым ліку і з жанчын".

 

Лепш, чым у НАТА

 

Прадстаўнік Мінабароны Уладзімір Макараў адзначыў, што летась у цэлыя два разы было падвышана грашовае забеспячэнне для салдат тэрміновай службы. Гаворка ідзе пра сумы ў памеры ад... 29 да 63 рублёў. Ці лічыць прадстаўнік Мінабароны такое грашовае забеспячэнне годным?

Макараў: Я лічу, што гэта не мяжа. Вайскоўцы, у тым ліку салдаты тэрміновай службы, павінны забяспечвацца годным грашовым забеспячэннем, таму ў рамках таго ж плана павышэння матываванасці праходжання тэрміновай ваеннай службы прадугледжана пры наяўнасці адпаведных умоў далейшае павышэнне. Але я не буду анансаваць, калі гэта будзе.

Макараў нагадаў, што салдат тэрміновай службы падчас яе праходжання забяспечваецца ўсім неабходным за дзяржаўны кошт.

"Паёк харчовы па каларыйнасці вышэйшы за натаўскі. Зараз армія — гэта не савецкая армія: вялікую частку сталовых абслугоўваюць грамадзянскія спецыялісты".

 

Лішніх у войску не будзе 

 

Сёлета ў вясновы прызыў са 140 тысяч прызыўнікоў салдатамі сталі каля 4200 чалавек. Прызыўныя камісіі выклікалі тады каля 40 тысяч чалавек — астатнія мелі адтэрміноўкі. Па словах Макарава, у найбліжэйшы восеньскі прызыў з-за новаўвядзенняў узброеныя сілы плануюць набраць каля сямі тысяч чалавек.

Прадстаўнік Мінабароны адзначыў, што ў дадзены момант беларуская армія складаецца з 50 тысяч вайскоўцаў і 15 тысяч грамадзянскага персаналу.

"Ні на аднаго чалавека больш набрана не будзе", — запэўнівае Макараў.