Беларусь шукае праз Інтэрпол больш за 400 чалавек

Час ад часу беларускія праваахоўныя органы паведамляюць пра абвяшчэнне людзей у міжнародны вышук. Напрыклад, больш за два гады таму ў міжнародны вышук пададзены Руслан Фраямчук — ахоўнік "БСБ Банка", якога падазраюць у крадзяжы 840 тысяч долараў. Але на сайце Інтэрпола пра гэта няма ні слова. На пошукавы запыт "Wanted by Belarus" — нуль адказаў.

Тым не менш, у прэс-службе МУС Еўрарадыё паведамілі, што беларускія праваахоўнікі шукаюць па лініі Інтэрпола больш за 400 чалавек. Чаму на сайце арганізацыі пра іх няма ні слова? "Размяшчэнне гэтых звестак на грамадскім сайце Генеральнага сакратарыята МАКП-Інтэрпол не з'яўляецца абавязковым", — удакладняюць у міністэрстве.

Дарэчы, Фраемчука дагэтуль не знайшлі нават праз Інтэрпол — яго месцазнаходжанне "на тэрыторыі замежных дзяржаваў" не высветленае.

Скрыншот з сайта Інтэрпола

На сайце Інтэрпола ёсць звесткі пра шасцярых беларусаў, якіх шукаюць іншыя краіны. Адзін з запытаў паступіў з Даніі: паліцыя гэтай краіны шукае 36-гадовую Кацярыну Мікалаеўну Клеменсан (Пліско), якую падазраюць у выкраданні дзіцяці. Ініцыятар запыту — грамадзянін Даніі Торбен Клеменсан, а дзіця, пра якое ідзе гаворка — двухгадовая дзяўчынка Ева, якая знікла разам з маці 26 траўня 2015 года.

Кацярына і Ева Клеменсан (Пліско)

Але ў беларускім МУС паведамляюць, што Данія не рабіла ў беларускае бюро Інтэрпола ніякіх афіцыйных запытаў наконт Кацярыны Пліско.