Беларусь прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі восенню?

Гэта можа адбыцца на фоне абвастрэння адносінаў паміж Расіяй і спажыўцамі расійскага газу, а таксама буйных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў, якія будуць вельмі рэзка ўспрынятыя на Захадзе, мяркуе палітолаг Юрый Шаўцоў Пытанне магчымага прызнання Беларуссю незалежнасці самаабвешчаных рэспублік Абхазіі і Паўдёвай Асеціі набывае ўсё большую актуальнасць, чым бліжэй пачатак сэсіі Палаты прадстаўнікоў, дзе, магчыма, гэтае пытанне будзе разгледжанае. Аднак яно пакуль вывучаецца Камісіяй па міжнародных справах і сувязях з СНД палаты і ў павестку сесіі не ўключанае. А ўчора адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Сяргея Багапша.

Палітолаг Юрый Шаўцоў мяркуе, што беларускія ўлады не будуць спяшацца з прызнаннем незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, паколькі працэс збліжэння з Еўропай пакуль знаходзіцца ў пачатковай стадыі:

"Трэба пачакаць, каб прымірэнне паміж Захадам і Беларуссю зайшло далей, каб было ясна, што гэтая тэндэнцыя трывалая. І пасля гэтага прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі Беларуссю не будзе выглядаць на Захадзе такім дэманстратыўным крокам".

Лагічна чакаць, што Мінск пастараецца не падводзіць тыя сілы ў Еўропе, якія лабіруюць беларускі ўдзел ва "Ўсходнім партнёрстве" і збліжэнне Беларусі з ЕС, кажа Шаўцоў. Таму прызнанне, на яго погляд, можа адбыцца восенню.

Юрый Шаўцоў: "Увосень у нас так ці інакш будзе іншая сітуацыя збліжэння з Еўропай. Будзе ісці звычайнае абвастрэнне адносінаў паміж Расіяй і спажыўцамі расійскага вуглевадародаў. Да таго ж на восень у нас ужо прызначаныя вельмі буйныя вайсковыя вучэнні з Расіяй, якія ў кожным разе будуць вельмі рэзка ўспрынятыя на Захадзе. Калі падчас вось гэтых двух працэсаў будзе прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі — гэта будзе лагічна".


Фота — ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі