Беларусь пагасіла свой дэбютны выпуск еўрааблігацыяў

28 ліпеня Беларусь пагасіла размешчаны ў 2010 годзе дэбютны выпуск еўрааблігацыяў на суму 1 мільярд долараў. Гэта адбылося разам з апошняй выплатай купоннага даходу на суму 43 мільёны 750 тысяч долараў. Сродкі на гэтыя выплаты Міністэрства фінансаў нашай краіны накіравала плацёжнаму агенту Deutsche Bank AG, London.

Нягледзячы на гэтае пагашэнне, Беларусь захавае сваю прысутнасць на еўрааблігацыйным рынку — да 26 студзеня 2018 года ў абарачэнні будзе знаходзіцца 7-гадовы выпуск на 800 мільёнаў долараў.

Паводле звестак Bloomberg, на момант закрыцця міжнародных фінансавых рынкаў 27 ліпеня сярэдняя даходнасць да пагашэння гэтага займу склала 8,6% гадавых.

У 2010 і 2011 гадах Беларусь размясціла два выпускі еўрааблігацыяў — пяцігадовыя і сямігадовыя на агульную суму 1,8 мільярда долараў. Размяшчэнне еўрааблігацыяў фінансавыя ўлады разглядаюць як адзін з інструментаў залучэння займаў на знешніх рынках.

У цэлым на пагашэнне і абслугоўванне еўрабондаў, згодна з параметрамі бюджэту, Беларусі сёлета трэба накіраваць амаль 1,2 мільярда долараў, інфармуе БелаПАН.

Фота: cicero.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі