Беларусь "дэградавала" ў дачыненнях з Індыяй

Аляксандру Лукашэнку "не патрэбныя турыстычныя паездкі"

Аляксандру Лукашэнку "не патрэбныя турыстычныя паездкі" / pixabay.com

Беларусь "дэградавала" ў дачыненнях з Індыяй. Такую заяву ў чацвер зрабіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызначыў новым паслом у гэтай краіне 45-гадовага Міхаіла Касько, ужо былога кіраўніка "Беллеспаперпрама". "Я вельмі спадзяюся, што ваша праца ў Індыі (вы валодаеце замежнай мовай — англійскай) прынясе значны плён", — сказаў Лукашэнка. Відаць, валоданне англійскай у прызначэнні стала галоўным фактарам. Касько скончыў Беларускую палітэхнічную акадэмію (менеджмент) і БДУ (правазнаўства). Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў яго "не вельмі атрымалася ў нашым канцэрне". А на дыпламатычнай працы атрымаецца?

"Індыя — велізарная краіна. Я не магу быць задаволены тым станам спраў, якія ў нас складваюцца ў беларуска-індыйскіх адносінах. Скажу шчыра: у адносінах з Індыяй мы дэградавалі. Таму Індыя — няпросты кірунак", — гаварыў Лукашэнка.

З пачатку расійскай агрэсі супраць Украіны і на фоне санкцый Індыя замяніла беларускія калійныя ўгнаенні канадскімі. РБ намагалася ўзнавіць пастаўкі. У канцы 2023-га Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад МЗС распрацаваць і прадаставіць у пачатку гэтага года канкрэтны план работы з Індыяй. "Нам не патрэбныя турыстычныя паездкі. Нам патрэбныя развязанні канкрэтных пытанняў", — гаварыў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі