БЧБ-сцяг абвінавачваюць у тым, што не стала праблемай для жыхароў іншых краін

Не только БЧБ (бело-красно-белый флаг) имеет темные пятна в истории
У акупацыю нацыянальныя сцягі выкарыстоўваліся не толькі ў Беларусі​

Беларуская дзяржпрапаганда ўсімі сіламі спрабуе дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сцяг як "сцяг калабарацыяністаў". Іх галоўны аргумент — пад гэтымі сцягамі "сустракалі нацыстаў", а яго гісторыя "не ведае нічога добрага". Часам яго адкрыта называюць фашысцкай сімволікай, як нядаўна пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў.

"Супрацоўніцтвам з Германіяй" у гады Другой сусветнай вайны "запэцканы" не толькі беларускі сцяг, але і нацыянальныя сцягі многіх іншых краін. Рэдакцыя Еўрарадыё сабрала асноўныя факты пра выкарыстанне нацсімволікі "калабарацыяністамі" — каб у мукавозчыкаў і азаронкаў, якія забываюць пра гэта згадваць, была поўная карціна.
 

Чырвона-зялёны сцяг намаляваў чалавек, які рабіў партрэты нацыстаў?

Чырвона-зялёны сцяг Беларускай ССР зацверджаны ў 1951 годзе. Аўтарства прыпісваюць то Міхаілу, то Мікалаю Гусеву. Яснасці сярод гісторыкаў няма: жылі ў той час два мастакі-цёзкі або Мікалай ператварыўся ў Міхаіла ўжо ў 1990-я — незразумела.

Мікалай Гусеў — вядомы мастак: да вайны афармляў кнігі, а пасля працаваў ва ўніверсітэце. Але ёсць у яго біяграфіі і супрацоўніцтва з нацыстамі: падчас акупацыі ён маляваў партрэты немцаў. Пра Міхаіла Гусева падобнай інфармацыі няма. Зрэшты, пра мастака з такім імем і прозвішчам інфармацыі ў прынцыпе няшмат. Таму ўпэўненасці ў тым, што гэта два розныя чалавекі, няма.

БЧБ-флаг обвиняют в том, что не стало проблемой для жителей других стран
Два гербы БССР зрабіў Валянцін Волкаў, які жыў у акупацыю ў Мінску

У Валянціна Волкава — аўтара герба БССР узораў 1926 і 1938 гадоў, які ёсць правобразам цяперашняга герба Беларусі, біяграфія неадназначная. Падчас акупацыі ён быў у Мінску і, як сцвярджалі сучаснікі, таксама пісаў партрэты немцаў і арганізоўваў выставы. "Фільтраванне" яго абмінула, і неўзабаве ён стварыў маштабнае палатно "Мінск. 3 ліпеня 1944 года".

Аднак яго дочкам не так пашанцавала: пасля даносу пра тое, што яны супрацоўнічалі з немцамі, абедзвюх выслалі ў Сібір.
 

Расійскі трыкалор на службе СС

Сучасны расійскі сцяг выкарыстоўваўся шэрагам калабарацыянісцкіх рухаў РСФСР. Сярод іх — Руская вызваленчая армія ("ўласаўцы"), дывізія Russland і Рускі ахоўны корпус.

Зрэшты, неўзабаве немцы забаранілі выкарыстоўваць трыкалор: палічылі, што, уведзены яшчэ Пятром Першым, ён сімвалізуе рускі імперыялізм. Але астатняя атрыбутыка — напрыклад, нарукаўныя нашыўкі — усё роўна была зроблена ў белым, сінім і чырвоным колерах. Шырока выкарыстоўваўся калабарацыяністамі Андрэеўскі крыж, які сёння выкарыстоўваецца на сцягу расійскага флоту.

БЧБ-флаг обвиняют в том, что не стало проблемой для жителей других стран

"На гэта звычайна заяўляюць, маўляў, расійскі трыкалор таксама ўжываўся здраднікамі. Аднак гэта параўнанне некарэктнае. Бела-сіне-чырвоны сцяг з'явіўся ў канцы XVII стагоддзя, а не за 24 гады да пачатку вайны. Акрамя здрады і пошуку "дапамогі" ў замежных дзяржаў, з БЧБ нічога не звязана. З расійскім трыкалорам жа звязана некалькі стагоддзяў гісторыі", — спрабаваў апраўдацца адзін з расійскіх прапагандысцкіх сайтаў. Але гучыць гэта не вельмі пераканаўча: якая розніца, колькі гадоў гісторыі за сцягам?

У 1991-м трыкалору вярнулі статус дзяржаўнага сцяга Расіі, і ніякіх асаблівых спрэчак гэта ні ў кога не выклікала. Сёння пра "фашысцкае мінулае" гэтага сцяга гаворыць толькі невялікая група маргіналаў, што настальгуюць па СССР.
 

Арменія і Азербайджан: эмблемы ваяроў вермахта

Германскае кіраўніцтва, мяркуючы па ўсім, у прынцыпе спрыяла выкарыстанню нацыянальнай сімволікі на захопленых тэрыторыях. У выпадку з Азербайджанам і Арменіяй — сцягоў, якія былі прыняты самаабвешчанымі рэспублікамі ў 1918-м. Гэта значыць, тут гісторыя тая ж, што і з бел-чырвона-белым сцягам.

Армянскі легіён вермахта выкарыстоўваў эмблемы з чырвона-сіне-аранжавым сцягам. Сёння ён выкарыстоўваецца як афіцыйны сцяг Арменіі. Тая ж сітуацыя і з сімволікай Азербайджанскага легіёна: сіне-чырвона-зялёнае палатно з паўмесяцам пасля развалу СССР набыло афіцыйны статус.

БЧБ-флаг обвиняют в том, что не стало проблемой для жителей других стран

Цікава, што ў гэтым траўні Азербайджан і Арменія ўступілі ў прапагандысцкую вайну і актыўна абвінавачвалі адно аднаго ў гераізацыі фашызму і супрацоўніцтве з нацыстамі. Аргументамі былі і колеры выкарыстоўванай сімволікі.
 

Літва і Латвія: свой сцяг як сімвал незалежнасці ад СССР

Расійская прапаганда любіць акцэнтаваць увагу на "фашысцкім" мінулым літоўцаў і латышоў. Адзін з аргументаў — зноў сцягі. Хоць мы памятаем, што і сучасны расійскі сцяг выкарыстоўвалі тыя, хто супрацоўнічаў з немцамі.

Сучасны сцяг Літвы, створаны, як і беларускі БЧБ-сцяг, у 1918 годзе, сапраўды выкарыстоўваўся — напрыклад, Часовым урадам Літвы, створаным у 1941-м. Сцяг Латвіі крыху старэйшы: у сучасным выглядзе ён з'явіўся ў XIX стагоддзі. Яго таксама выкарыстоўвалі калабарацыяністы Латвіі — хутчэй, як нацыянальны сцяг.

БЧБ-флаг обвиняют в том, что не стало проблемой для жителей других стран

І для Літвы, і для Латвіі выкарыстанне нацыянальных сцягоў было асабліва важнае: яны былі гвалтоўна далучаныя да СССР ужо падчас Другой сусветнай вайны, у 1940-м. Атрымаць незалежнасць у сярэдзіне XX стагоддзя ім так і не ўдалося, але сцягі былі вернутыя пасля развалу СССР.
 

Хто яшчэ: Украіна, Харватыя і краіны Каўказа

Большасць мясцовых арганізацый, якія супрацоўнічалі з нацыстамі і змагаліся перш за ўсё за незалежнасць сваіх краін, выкарыстоўвалі ўласную сімволіку. Так выкарыстоўваліся сцягі Украіны, Харватыі і шэрагу іншых краін. Часам — нешта зборнае, што ўжываецца і цяпер. Напрыклад, зялёна-чырвоны (так-так!) сцяг выкарыстоўваўся Паўночнакаўказскім легіёнам вермахта. Гэта ж спалучэнне колераў сёння — на сцягах Чачні і Татарстана.

Пад сваімі нацыянальнымі сцягамі з немцамі супрацоўнічалі ўрады і грамадзяне Нарвегіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Даніі і іншых краін. Толькі чамусьці нідзе ў свеце сцягі за такую старонку гісторыі не "шэймяць". А ў Беларусі для забароны БЧБ-сцяга ўлады збіраюцца прыняць асобны заканадаўчы акт — аб супрацьдзеянні гераізацыі нацызму.
 

А што не так з БЧБ

Бел-чырвона-белы сцяг абвінавачваюць менавіта ў тым, з чым зусім спакойна жывуць грамадзяне многіх іншых дзяржаў. Пры гэтым аргументацыя часам досыць недарэчная.

"Часам кажуць, што немцы і калабарацыяністы і ў іншых краінах выкарыстоўвалі нацыянальныя сцягі. Але там розная гісторыя, — спрабаваў растлумачыць у канцы лістапада дэкан ФФСН і адзін з галоўных рупараў "правільнай гісторыі" Вадзім Гігін. — Трэба разумець, якое было стаўленне насельніцтва да бел-чырвона-белага сцяга. Да вайны насельніцтва гэты сцяг рэальна не бачыла".

Аргументамі дзяржпрапаганды звычайна з'яўляюцца здымкі з афіцыйных мерапрыемстваў часоў акупацыі, дзе прысутнічае бел-чырвона-белы сцяг. Але, трэба сказаць, "насельніцтва" асабліва "не бачыла" БЧБ-сцяга не толькі да вайны, але і ў часе. Многія гісторыкі лічаць, што, насуперак пашыранаму меркаванню, паліцаі і зондэркаманды не хадзілі спальваць вёскі пад БЧБ-сцягам, а выкарыстоўваўся ён невялікай групай актывістаў, якія дамагаліся ад немцаў стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

Дакладна гэтаксама сучасныя сцягі не былі шырока распаўсюджаныя сярод армян, азербайджанцаў і некаторых іншых народаў.

"Сам аўтар бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі, які пражываў тады ў Коўне, не ўдзельнічаў у калабаранцкіх арганізацыях і ў гады акупацыі ратаваў ад знішчэння яўрэяў, хаваючы іх у сябе на кватэры. Частка актывістаў былі расстраляныя гестапа",казаў гісторык Уладзімір Ляхоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі