Байдэн пагражае Ірану, экаактывісты змагаюцца з Монай Лізай — #ІхНоравы

Экаактывісты зноў атакавалі Мону Лізу.

Экаактывісты зноў атакавалі Мону Лізу. / @rubanau_collage

У Венецыі ўшаноўваюць памяць сярэднявечнага мараплаўцы Марка Пола, ды так, што разам з італьянцамі святкаваць будзе ўвесь свет — прынамсі тыя замежнікі, што прыедуць на карнавал. Пра гэта, а таксама пра атаку на амерыканцаў на Блізкім Усходзе і пра тое, у чым зноў вінаватая Джаконда, чытайце ў нашым аглядзе сусветных навін.

Мону Лізу аблілі супам

Шэдэўр Леанарда да Вінчы зазнаў чарговы акт арт-хуліганства і вандалізму — ну, ці пратэсны перфоманс з пункту гледжання экаактывістаў. Дзве жанчыны з экалагічнай арганізацыі нейкім чынам прайшлі праз даволі строгую сістэму бяспекі музея Луўр у Парыжы і шпурнулі ў карціну гарбузовы суп. Натоўп ахнуў, а актывісткі пралезлі пад бар’ер, сталі побач з сусветна вядомым творам мастацтва і пракрычалі па-французску:

“Што важнейшае? Мастацтва ці права на здаровае і экалагічна чыстае харчаванне? Наша сельскагаспадарчая сістэма хворая!”

Моне Лізе ад гэтай выхадкі нічога не стала: яна знаходзіцца за куленепрабівальным шклом. Пасля акцыі ахова вывела жанчын з залы, а памяшканне закрылі на прыборку.

Чаму менавіта Джаконда ці, можа, сам Леанарда да Вінчы, што памёр пяць стагоддзяў таму, маюць адказваць за сучасныя праблемы сельскай гаспадаркі, незразумела. Але гэта спосаб радыкальных экаактывістаў і не толькі — псаваць сусветныя шэдэўры для прыцягнення ўвагі.

Байдэн пагражае Ірану, экаактывісты змагаюцца з Монай Лізай — #ІхНоравы
Мону Лізу аблілі супам / Getty Images

У 2022 годзе Мону Лізу запэцкалі тортам. Зрабіла гэта жанчына на інвалідным вазку (але, як потым выявілася, гэта быў пераапрануты мужчына). “Падумайце пра Зямлю! Мастакі пра яе думаюць!” — казаў тады актывіст. А ў Лондане ў той жа год аблілі таматным супам “Сланечнікі” Ван Гога. І яны не былі за шклом — карціна, якая каштуе амаль 85 млн еўра, была сапсаваная.

У Венецыі пачаўся карнавал

Штогадовае касцюмаванае свята сёлета прысвяцілі Марка Пола. Сёлета Італія адзначае 700 гадоў з дня смерці знакамітага венецыянскага купца і мараплаўцы.

Ягоная “Кніга цудаў свету” пра вандроўку ў Азію доўгі час была атласам для іншых мараплаўцаў і вандроўнікаў і адлюстроўвала сярэднявечнае ўяўленне таго, як выглядае свет.

Сёлета пачатак карнавалу супаў з Днём памяці ахвяр Халакосту, 27 студзеня, але яго вырашылі не адмяняць, а правесці ў абмежаваным фармаце.

Скончыцца карнавал у аўторак, 13 лютага. Згодна з традыцыяй, яго праводзяць цягам двух тыдняў перад Вялікім Постам, што пачынае падрыхтоўку да Пасхі.

Па амерыканскай базе ў Іарданіі ўдарыў дрон

Загінулі трое вайскоўцаў ЗША, яшчэ больш за 30 чалавек атрымалі раненні. Беспілотнік атакаваў амерыканскую базу ў Іарданіі, якая знаходзіцца недалёка ад мяжы з Сірыяй і Іракам.

Амерыка абвінавачвае ў гэтым групоўкі, якія падтрымлівае Іран. Але Тэгеран усё адмаўляе.

На што прэзідэнт Джо Байдэн абяцае адказ.

З пачатку вайны Ізраіля з ХАМАС гэта першы выпадак гібелі амерыканскіх вайскоўцаў на Блізкім Усходзе. Раней радыкальныя групоўкі заяўлялі, што “хочуць адпомсціць ЗША” за тое, што краіна падтрымлівае Ізраіль.

Іран лічыць заявы пра сваю датычнасць да ўдару "беспадстаўнымі", заявіў у панядзелак афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірана Насер Канаані, піша Reuters. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі