Байдачны: БАТЭ перастала шанцаваць, а ў мінскага "Дынама" няма досведу

БАТЭ на старце групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў прайграў у Партугаліі "Порту" — 0:6, мінскае "Дынама" ў Грэцыі саступіла ПАОК — 1:6.

"Раней, напэўна, і склад у БАТЭ быў цікавейшы, — гаворыць у каментары Еўрарадыё Анатоль Байдачны. — Футбалісты, якія цяпер гуляюць, былі маладзейшымі. Можа быць, амбіцыі былі большыя, чым цяпер... Заўсёды была нейкая доля шанцавання. А цяпер не было ніякага шанцавання, ні ў чым! Цяпер было тое, што ёсць насамрэч... "Дынама" можна зразумець, яно ніколі не гуляла ў групавых турнірах. Сказалася адсутнасць досведу".

Паводле слоў Байдачнага, адна з галоўных прычын паразаў — ва ўзроўні развіцця футбола ў нашай краіне, які нельга параўнаць з Грэцыяй і Партугаліяй. У вочы адразу ж кідаецца ніжэйшая кваліфікацыя футбалістаў беларускіх клубаў. Для гульні "на два фронты" (нацыянальны чэмпіянат і еўракубкі) у іх не хапае гатоўнасці, адчуваецца псіхалагічная і фізічная стомленасць гульцоў.

А ў "Дынама" яшчэ і праблема адсутнасці "доўгай лаўкі". Пасля хатняй паразы ў чэмпіянаце ад салігорскага "Шахцёра" з лікам 1:4 складана было разлічваць на ўдачу ў Грэцыі, кажа Байдачны. Тым не менш ён настроены аптымістычна.

Байдачны: "Мне так здаецца, што больш не будзе такіх паразаў. Думаю, што гэты шок павінен прайсці. І каманды будуць гуляць зусім інакш. І футбалісты інакш настрояцца... Мабілізуюць усе свае рэсурсы, каб дома згуляць больш годна".

Нагадаем, 30 верасня БАТЭ прымае іспанскі "Атлетык", а 2 кастрычніка мінскае "Дынама" — італьянскую "Фіярэнціну".

Фота — paokfc.gr

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі