БАТЭ разграміў “Шахцёр” — 4:0 (відэа)

Лік гульні ўжо на 9-й хвіліне адкрыў Дзмітрый Бага, а літаральна праз дзве хвіліны поспех жоўта-сініх замацаваў Аляксандр Паўлаў. Грубая гульня “Шахцёра” і ўсе спробы прарвацца нічога не далі ні ў першым, ні ў другім таймах. На 50-й хвіліне матчу Сяргей Крывец удала рэалізаваў пенальці, а на 89-й хвіліне зрабіў дубль. Чатыры хвіліны дадатковага часу ўжо не былі вырашальнымі.



Адзначым, што да сённяшняй сустрэчы з БАТЭ “Шахцёр” прайграваў у гэтым сезоне ўсяго аднойчы і за ўсе папярэднія 19 матчаў чэмпіянату краіны прапусціў толькі 6 галоў. А сёння за адну толькі гульню браму салігорцаў прабілі ажно чатыры разы.



Тым не менш “Шахцёр” пакуль застаецца на першым месцы ў турнірнай табліцы і мае 46 ачкоў. БАТЭ літаральна дыхае яму ў патыліцу і мае 45 ачкоў.

У рамках 20-га тура чэмпіянату Беларусі сёння таксама згулялі мазырская “Славія” і мінскае “Дынама”. Матч скончыўся амаль сенсацыйнай перамогай гаспадароў — 3:2. Нагадаем, што “Славія” на сёння аўтсайдар першынства, а сталічнае “Дынама” стаіць на трэцім месцы і мае шансы захаваць гэтую пазіцыю.



У суботу, 10 жніўня прайшлі іншыя матчы гэтага тура: брэсцкае “Дынама” — “Дняпро” — 2:0, “Белшына” — “Тарпеда-БелАЗ” — 1:3, “Нёман” — “Гомель” — 2:0.



Завяршыцца 20-ты тур у панядзелак, 12 жніўня — “Мінск” прыме “Нафтан”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі