Барозу: Беларусь заявіла, што гатовая да спрашчэння візавага рэжыму з ЕС

Беларусь гатовая пачаць перамовы па падпісанні дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам. З такой заявай на выніковай прэс-канферэнцыі Віленскага саміта Усходняга партнёрства выступіў кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.





“Сёння з боку Беларусі прагучала заява аб гатоўнасці да пачатку перамоў па падпісанні дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам”, — сказаў Барозу.





Кіраўнік Еўракамісіі выказаў меркаванне, што свабоднае перамяшчэнне людзей праз мяжу ў выніку падпісання дамовы будзе спрыяць развіццю дэмакратыі.

Нагадаем, 15 лістапада міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч і кіраўнік Федэральнай міграцыйнай службы Расіі Канстанцін Рамаданаўскі падпісалі двухбаковае беларуска-расійскае пагадненне аб рэадмісіі.

Рэадмісія — гэта згода дзяржавы на прыём назад на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, якія падлягаюць дэпартацыі з іншай дзяржавы. Падпісаць такую дамову “адным пакетам” з дамовай аб змяншэнні кошту віз прапаноўваюць нам еўрапейцы. Беларускі бок да апошняга часу быў супраць. Маўляў, што мы будзем рабіць з тымі сотнямі і тысячамі расійскіх нелегалаў ці парушальнікаў законаў, якія патрапілі ў ЕС праз беларуска-польскую ці беларуска-літоўскую мяжу? За што будзем іх тут утрымліваць? А ёсць яшчэ розныя замежнікі, якія трапілі да нас і ў ЕС праз Расію. Цяпер адпаведная дамова ёсць, і мы іх можам спакойна высылаць ў бок Масквы. Верагодна, гэта і дало штуршок да адпаведных перамоў з Еўрасаюзам.

Дзякуючы Расіі шэнген для беларусаў стане 35 еўра?



Фота — delfi.lt